Новы пасол Польшчы расказаў пра тры праблемы ў дачыненнях з Беларуссю

Новы пасол Польшчы расказаў пра тры праблемы ў дачыненнях з Беларуссю

“Я вельмі рады, што пачатак маёй працы ў Беларусі супаў па часе з нармалізацыяй беларуска-польскіх адносінаў”. Гэтымі словамі, якія ён казаў і кіраўніку Беларусі падчас уручэння даверчых грамат, Конрад Паўлік пачынае і сваю першую прэс-канферэнцыю ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Польшчы ў Беларусі. І адразу ўдакладняе, на якую нармалізацыю і ў якіх пытаннях ён спадзяецца.

Конрад Паўлік: “Нармалізацыя — гэта не толькі палітычнае ўзаемадзеянне. Яна тычыцца ўсіх накірункаў супрацоўніцтва, не толькі ў эканоміцы і пытаннях транспамежнага супрацоўніцтва, дзе ўзаемная выгада відавочная, але і гістарычнага дыялогу ды праблем польскай дыяспары. Мы разлічваем на спакойны канструктыўны дыялог па ўсіх пытаннях. У тым ліку цяжкіх. І самі гатовыя да такога дыялогу”.

Тым не менш, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, польскі дыпламат прызнае, ёсць пытанні, дзе “нармалізацыі” дамагчыся будзе вельмі складана. Нават больш за тое: далёка не ўсе праблемныя пытанні нам удасца вырашыць.

“Ёсць некалькі сфер, дзе гэтых пытанняў, дэталяў і складаных нюансаў вельмі шмат, і рашэнне не будзе адразу выпрацаванае, — узважваючы кожнае слова, адказвае дыпламат. — Гэта той жа гістарычны дыялог (археалагічныя раскопкі ў Курапатах, “Катынскі спіс” і іншае, — Еўрарадыё), гэта пытанні, якія тычацца нацменшасці і польскай дыяспары, а таксама пытанні, звязаныя з малым памежным рухам, з увядзеннем якога мы загразлі ўжо на шэсць гадоў”.

Праўда, якім чынам ён думае дамагацца зрухаў да вырашэння гэтых складаных пытанняў, новы польскі амбасадар не кажа. Маўляў, на такія тэмы не размаўляюць з журналістамі, іх абмяркоўваюць “у цішыні дыпламатычных кабінетаў”.

Конрад Паўлік звяртае ўвагу на тое, што летась беларусы атрымалі амаль 400 тысяч “польскіх шэнгенаў”. Кажа, у планах — павялічыць гэтую колькасць. На выкананне гэтага працуюць два фактары: тое, што ў нашай краіне сёння працуе восем візавых цэнтраў, і, як мяркуе польскі дыпламат, хуткае падпісанне пагаднення паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб зніжэнні кошту шэнгенскіх віз з 60 да 35 еўра.

Дарэчы, амбасадар Польшчы раіць беларускім уладам асабліва не напружвацца з нагоды “карты паляка”. Па яго словах, за 9 гадоў беларусы атрымалі каля 75 тысяч такіх карт. Уладальнікі 13% іх, кажа Конрад Паўлік, сваімі картамі ўвогуле не карыстаюцца і не плануюць гэтага рабіць: гэта пераважна сталыя людзі, якія атрымалі карты паляка выключна з маральна-патрытычнага пункту гледжання — спрычыніцца такім чынам да польскай нацыі. Але і астатнія 87% маюць карты пераважна для таго, каб бясплатна атрымліваць візы ў польскім консульстве. Маўляў, карта паляка ў кішэні не азначае, што чалавек абавязкова пераедзе жыць у Польшчу. Хоць магчымасць такую карта і дае.

“Я правёў дзве эвакуацыі палякаў з Данбаса, людзей рознага ўзросту з тэрыторый, дзе праходзілі рэгулярныя ваенныя дзеянні. І змены ва Указ аб карце паляка былі прынятыя пасля пачатку падзей ва Украіне менавіта для таго, каб даць магчымасць тым, хто гэтага захоча, пастаянна жыць у Польшчы. Але я не думаю, што гэтыя змены неяк паўплываюць на сітуацыю ў плане міграцыі. Таму я б хацеў, каб пытанне "карты паляка" не было перабольшанае ў Беларусі”.

Безумоўна, сярод планаў новага пасла — павялічэнне таваразвароту паміж нашымі краінамі, інвестыцыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Каб выпускаць тавары і разам заваёўваць новыя рынкі. На культурныя праекты будзе па-ранейшаму вадаткоўвацца шмат грошай, і яны будуць толькі пашырацца, кажа Конрад Паўлік. Як і праекты сацыяльныя, экалагічныя і шэраг іншых.

Дзеліцца новы амбасадар і сваёй марай: да 2020 года пабудаваць у Мінску новую амбасаду Польшчы. Праўда, ахалоджвае найперш сам сабе: справа будаўніцтва новай амбасады — працэс нялёгкі ў любой краіне, і таму просіць “не лавіць яго на слове”, калі ў тэрміны не ўкладзецца. Ну, і абяцае вырашыць прававыя пытанні, якія дазволяць нарэшце адрамантаваць ці пабудаваць новыя аўтамабільныя і чыгуначныя масты на беларуска-польскай мяжы.

Каментуе Паўлік па просьбе Еўрарадыё і ваенныя вучэнні, якія цяпер праводзіць Беларусь недалёка ад польскай мяжы. Па яго словах, у Польшчы, якая як і Беларусь мяжуе і з Украінай, і з Расіяй, выдатна разумеюць выклікі, якія цяпер перад намі стаяць. І да якіх трэба рыхтавацца ў тым ліку з дапамогай вучэнняў. Таму, кажа, у Варшаве з нагоды гэтых беларускіх вучэнняў не напружваюцца. Але спадзяюцца, што яны, як і ўсе вучэнні, у якіх бяруць удзел польскія войскі, носяць выключна абарончы характар.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі