Новы імідж для Еўрабачання

Ці сапраўды Зміцер Калдун для ўдзелу ў Еўрабачанні—2007 пачаў змяняць свой імідж? На беларускіх форумах пачалі хадзіць чуткі, што сцэнічны вобраз спевака будзе цалкам адпавядаць яго прозвішчу.

Першыя спробы пераўтварэння ў сапраўднага ведзьмака былі заўважаныя на канцэрце ў Гішпаніі, які адбыўся 4 лютага. І, дарэчы, прайшоў вельмі паспяхова.


Сам Зміцер адплаціў удзячнасцю за добры прыём: падчас выступу з яго вуснаў на гішпанскай мове прагучала: “Я люблю Гішпанію”, што не магло не ўразіць публіку. Пра сваё “пераўтварэнне” распавядае сам спявак:


Зміцер Калдун: “Насамрэч, тое, што было ў Гішпаніі, гэта быў экспромт. А наогул, той імідж, які быў вынайдзены, будзе яшчэ дапрацоўвацца — гэта, так бы мовіць, спроба пяра. Я стаўлюся да яго станоўча. Я заўсёды люблю нешта новае, заўсёды люблю эксперыментаваць”.


Але дакладны вобраз музыкі пакуль яшчэ невядомы, праца над ім вядзецца няспынна. На днях Зміцер з’язджае ў Маскву, дзе і будзе больш дэталёва распрацоўвацца імідж спявака.


З упэўненасцю можна сцвярджаць, што галоўная задача стылістаў — зрабіць так, каб знешні выгляд Калдуна гарманічна супадаў з яго сцэнічным нумарам. Распавядае выканаўчы прадзюсер дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампаніі Настасся Ціхановіч:


Настасся Ціхановіч: “У любым выпадку, яго вобраз, тое, што на ім будзе апранута, будзе гарманічна пераплятацца з нумарам. А паколькі над нумарам яшчэ вядзецца праца, канкрэтна яшчэ не пастаўлена кропка на тым, як гэта і што гэта будзе.


Я ведаю, што дакладна будзе працаваць стыліст Кіркорава, але гэта, хутчэй за ўсё, фрызура і грым. Усё, што тычыцца касцюма, я мяркую, што тут усё першапачаткова будзе залежыць ад нумара, а над нумарам яны будуць працаваць у Грэцыі.


Канешне, ёсць пару цудоўных задумаў, але пакуль гэта ўсё застаецца ў сакрэце, каб здзівіць грамадскасць потым”.


Шлях да Еўрабачання не абышоўся без перашкод. Не так даўно на старонках шматлікіх беларускіх выданняў выбухнулі скандалы, звязаныя з паездкай беларуса на еўрапейскі конкурс. Сярод іх было нават абвінавачванне ў плагіяце.


Некаторыя лічаць, што прыпеў песні Калдуна Work you magic вельмі нагадвае песню Modern Talking Last exit to Brooklin” — толькі ў запаволеным варыянце. З пытаннем, ці сапраўды гэтыя песні падобныя, мы звярнуліся да беларускага музыкі Піта Паўлава.


Піт Паўлаў: “Тое, што я чую дакладна: амаль цалкам прыпеў проста перапісаны, і мелодыя, і гармонія. Ці з’яўляецца гэта плагіятам, я не магу так сказаць, але я ўпэўнены, што напісаць так немагчыма адзін у адзін. Я лічу, што той, хто пісаў гэтую песню, скарыстаў кампазіцыю Modern Talking”.


Але большы перапалох выклікалі чуткі пра заяву цэнтра Віктара Дробыша, паводле якой Зміцер Калдун нібыта з’яўляецца вельмі слабым спеваком і таму, каб чарговы раз не “апячыся” на выпускніках “Фабрыкі зорак” (нагадаем, што выступы Наталлі Падольскай і Юліі Савічавай на Еўрабачанні не былі паспяховамі) і не паставіць пад удар рэпутацыю цэнтра, выступ Калдуна непажаданы.


Але Аляксандр Ціхановіч цалкам абверг гэтыя чуткі і лічыць іх своеасаблівым чорным PR-ам:


Аляксандр Ціхановіч: “Я лічу, што гэта быў PR-ход. Ні пра якія скандалы з Дробышам я не ведаю. Тое, што вешаюць у Інтэрнэце, не з’яўляецца ісцінай. Але нам спадабалася, гэта добра.


Мне, напрыклад, вельмі імпануе тое, што настолькі негатыўныя рэчы прыцягваюць увагу да выканаўцаў. Я вельмі здзівіўся, але цяпер вазьму гэта на ўвагу. Ніякіх праблемаў з Дробышам не было”.


Былі якія-небудзь праблемы ці не — сёння ўжо не так істотна. Зараз дакладна вядома — Беларусь на чарговым еўрапейскім конкурсе будзе прадстаўляць Зміцер Калдун. Прабачце, проста Калдун.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі