Вы тут

Новая рэальнасць: што эксперты думаюць пра сустрэчу Ціханоўскай з Байдэнам

Святлана Ціханоўская і Джо Байдэн / @POTUS

Нечаканая сустрэча адбылася 28 ліпеня паміж Святланай Ціханоўскай і прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Ціханоўская ўжо некалькі дзён як выехала з Вашынгтона і працягвала сваю паездку па ЗША, але раптам зноў апынулася ў сталіцы краіны.

Што значыць гэтая сустрэча? Еўрарадыё прыводзіць меркаванне экспертаў і палітыкаў.

 

Гістарычная сустрэча і новая рэальнасць

Палітолаг Валерый Карбалевіч называе сустрэчу палітыкаў знакавай падзеяй.

— Сустрэча ў значнай ступені сімвалічная, дэманстратыўная. Аднак сімвалы ў палітыцы часам адыгрываюць вялізарную ролю. Джо Байдэн за паўгода свайго прэзідэнцтва сустрэўся пакуль з невялікай колькасцю замежных лідараў. І тым больш важна, што сярод іх апынулася і Святлана.

На думку Карбалевіча, візіт Ціханоўскай у Вашынгтон выводзіць "беларускае пытанне" на больш высокі ўзровень у шкале прыярытэтаў знешняй палітыкі ЗША. Менавіта гэта ён лічыць галоўным вынікам.

— Цяпер актуальная задача: як ператварыць гэты сімвалічны капітал у рэальную падтрымку Беларусі, — сказаў на заканчэнне палітолаг.

 

Аналітык Сяргей Чалы выказаўся пра сустрэчу ў час свайго традыцыйнага стрыму. Навіна пра размову Ціханоўскай з Байдэнам з'явілася якраз у час стрыму, і ён даў невялікі каментар, грунтуючыся на тым аб'ёме інфармацыі, які ўжо быў вядомы.

— Трэба разумець, што гэта абсалютна новая рэальнасць. Тое, што гэта адбылося напярэдадні "Вялікай размовы" Лукашэнкі са сваімі журналістамі, экспертнай супольнасцю [паказальна. — Еўрарадыё].

Аналізуючы тэмы, узнятыя Ціханоўскай на сустрэчы з Байдэнам, Чалы адзначыў: яна гаворыць пра тое самае, пра што і ўсім замежным лідарам. Гэта значыць, пра тое, што беларуская рэвалюцыя — не за новы геапалітычны выбар краіны, а супраць гвалту і беззаконня і за новыя выбары.

— Вельмі важна, што гэты тэзіс не распыляецца. Асабліва гэта важна на фоне велізарнай колькасці ўсялякіх розных канспіралагічных тэорый пра тое, што нейкая вялікая геапалітычная здзелка зноў была заключаная паміж Байдэнам і Пуціным... Прычым, як правіла, пра гэтую "здзелку" чамусьці гавораць набліжаныя або тыя, што дзьмуць на вентылятар прарасійскай палітыкі, альбо цалкам расійскія палітыкі. Але, увогуле, мы разумеем, навошта гэта робіцца: ім трэба паказаць, што як быццам бы нават на роўных усё паміж Пуціным і Байдэнам адбываецца.

 

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман прызнаецца: звычайна ён скептычны наконт выніковасці "міжнародных ваяжаў лідараў апазыцыі".

— Але гэтым разам трэба прызнаць, што Ціханоўская і каманда выціснулі максімум з амерыканскага турнэ. Змястоўна яе візіт наўрад ці б памяняўся ад наяўнасці або адсутнасці кароткай сустрэчы з Байдэнам. Усе сур'ёзныя дэталі абмяркоўваюцца са спецыялістамі ў Дзярждэпе і Белым доме, сустрэча з прэзідэнтам — гэта заўсёды пра сімвалізм. Не абмяркоўвае Байдэн, супраць колькіх яшчэ заводаў і чыноўнікаў трэба ўвесці санкцыі.

Аднак сімвалізм такога ўзроўню, на думку Шрайбмана, — "больш, чым фотка для твітара".

— Гэта моцны палітычны імпульс для амерыканскай бюракратыі. У беларускім пытанні гэта асабліва важна, улічваючы, што наш крызіс — яўна не прыярытэт знешняй палітыкі Вашынгтона, многае залежыць ад узроўню і інтэнсіўнасці ўвагі да праблемы.

Шрайбман упэўнены, што цяпер любыя ініцыятывы, якія раней абмяркоўваліся на "тэхнічных сустрэчах", будуць ісці хутчэй, а чыноўнікам, якія жадаюць нешта зрабіць на беларускім кірунку, будзе прасцей дастукацца да сваіх начальнікаў.

Гісторык Аляксандр Фрыдман у сваім камэнтары адзначае, што ў сустрэчы ёсць два важныя аспекты.

— Сустрэчу ініцыяваў сам Байдэн, яна значна падвышае палітычную вагу Ціханоўскай і ёсць вялікім поспехам.

Сустрэча супала з шэрагам антырасійскіх заяў Байдэна і паказвае, што пытанне Беларусі стала часткай вялікай гульні паміж Вашынгтонам і Масквой.

 

Падтрымка беларускаму народу і сігнал Маскве

Амерыканскі кангрэсмен Біл Кітынг падзякаваў у твітары Байдэну за сустрэчу з Ціханоўскай і пацвярджэнне "прыхільнасці ЗША беларускаму народу". Ён дадаў, што з нецярпеннем чакае працягу супрацоўніцтва з сябрамі "беларускага кокуса" ў Кангрэсе.

Падзякавала прэзідэнту і кангрэсвумен Марсі Каптур. Сярод тых, хто выказаўся, — былая дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт, з якой у Ціханоўскай адбылася сустрэча на мінулым тыдні.

— Гэтая сустрэча пасылае магутны сігнал салідарнасці людзям у Беларусі і ва ўсім свеце, якія змагаюцца за свабоду. Дзякуй, прэзідэнт Байдэн, за пацвярджэнне лідарства Амерыкі ў падтрымцы дэмакратыі і чалавечай годнасці.

 

Мадлен Олбрайт і Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Надалі ўвагу сустрэчы і амерыканскія СМІ. Амаль усе яны пішуць пра тое, што гутарка Ціханоўскай і Байдэна, хай нават непрацяглая, — сігнал падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Але ёсць і такое меркаванне, выказанае выданнем Politico:

— Сёння амерыканскі прэзідэнт аддаў перавагу дыпламатычнаму сігналу Маскве, а не дэманстрацыі ваеннай сілы. У сваім твітары Байдэн абвясціў, што сустракаўся ў Белым доме з лідарам беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай — стойкім крытыкам хаўрусніка Пуціна Аляксандра Лукашэнкі.

Не прайшла сустрэча незаўважанай і для еўрапейскіх СМІ. Вось што піша нямецкі Der Spiegel:

— Пераможца дня — Святлана Ціханоўская [...]. Яе прыняў у Белым доме прэзідэнт ЗША Джо Байдэн — раней гэтага не ўдавалася ніводнаму беларускаму палітыку.

Выданне адзначае: для Ціханоўскай сустрэча з Байдэнам — максімальная магчымая форма міжнароднага прызнання. Адзначае Der Spiegel і тое, што сустрэча Байдэна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага будзе пазней, хоць украінскі лідар даўно яе чакаў, а Ціханоўская ўдастоена аўдыенцыі раней за яго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.