Незвычайная з’ява: 4 дні ў калодзежы быў кіпень
Пакуль вясной у сталіцы вядуцца рамонтныя работы
сістэмы водазабеспячэння і некаторыя мінчукі пакутуюць без гарачай вады, жыхар
вёскі Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна Аляксандр Манюк дастае са свайго калодзежа
кіпень.
Раніцай 10 сакавіка ён знайшоў у сваім калодзежы гарачую ваду.
Аляксандр Манюк: “Ну, раніцай устаў. Стаў даставаць вядро,
адкрыў накрыўку — пара павярнула, як з коміна дым. Выцягнуў — цёплая вада. Да
суседкі прыйшоў па ваду. Яна кажа: “Ёсць свой калодзеж”. Так вось, смехам.
Я
кажу: “Ёсць, дык гарачая вада”. Яна пайшла паглядзела — праўда. Мая чыстая вада
была, як цёплая. Я гэтай вадой посуд мыў на дварэ, праў. Чатыры дні пабыла і
астыла”.
Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў вызначыла,
што тэмпература вады там была 50-60 градусаў. Аднак знайсці прычыну такой
анамаліі не ўдалося дагэтуль.
Гаворыць намеснік гендырэктара Рэспубліканскага
унітарнага прадпрыемства “Белгеалогія” Яраслаў
Грыбік, які выязджаў на месца:
“Знешніх
тэхнагенных крыніц як быццам бы не бачна для таго, каб змяніць тэмпературу на
гэтай глыбіні. Таму думаем, што гэта хутчэй за ўсё звязана з пэўнымі глыбіннымі
праявамі.
Пасля
атрымання аналізаў мы, магчыма, зробім геафізічныя здымкі, для таго каб
даведацца, ці ёсць там нейкія глыбінныя разломы, якія не выяўляюцца на
паверхні, а толькі па дадзеных геафізічных вымярэнняў.
Гэта можа быць
радонаметрыя. Газ радон ідзе з недраў зямлі. Геліевыя здымкі ці нейкія іншыя электра-разведкі”.
Аляксандр Манюк выкапаў студню глыбінёй 10 метраў сам
40 гадоў таму. Вады там — на тры метры. Увесь гэты час яна была халодная. Навокал
няма ніякіх гейзераў і гарачых крыніцаў.
Вёска Зацітава Слабада знаходзіцца на правым беразе
Свіслачы. Адзіная тамтэйшая крыніца ўпадае ў раку і мае тэмпературу 6 градусаў.
Для Беларусі кіпень у калодзежах — з’ява не характэрная. Хаця і такое
здаралася.
Гаворыць галоўны навуковы супрацоўнік Гомельскага дзяржаўнага
універсітэта, геолаг-геафізік Адам
Пінчук:
“За
праўдзівасць я не магу ручацца, аднак у літаратуры фігуруе факт, што ў раёне
Касцюкоўкі ў калодзежы была знойдзеная вада, больш цёплая, чым павінна быць.
Цяпер на ўсім зямным шары ідзе працэс павелічэння тэктанічнай актыўнасці:
частыя землятрусы, цунамі. Магчыма, і да нас дакатваюцца гэтыя хвалі
напружанасці, якія і выціскаюць ваду.
Напрыклад,
у Палессі больш напружаны геатэрмічны раён. Гэта Прыпяцкі прагіб. Тут на
глыбіні 5 кіламетраў (гэта раён Светлагорску, Парычаў, Баршчэўкі, Рэчыцы)
тэмпература можа дасягаць 100-150 градусаў. Яна такая і ёсць.
Таму ўся вада,
што выціснецца вышэй, будзе цёплая. Можна яе і гарачай назваць — градусаў 50, 40”.
Гарачая вада, якая выходзіць на паверхню зямлі, —
не шкодная для здароўя. Аднак ужываць яе ў неабмежаваных колькасцях спецыялісты
не рэкамендуюць.
Вядома, атрутных рэчываў яна не ўтрымлівае, аднак можа быць
вельмі салёнай ці мець у сабе такія рэчывы, што пры вялікай колькасці могуць
негатыўна адбіцца на здароўі чалавека.
Гаспадарка ў Аляксандра Манюка з Зацітавай Слабады
невялікая — адзін конь. Таму паіў гаспадар жывёлу вадой з суседскага калодзежа.
Сам браў ваду з крыніцы. Цяпер тэмпература вады ў калодзежы пайшла на спад.
Смакавыя якасці і знешні выгляд — звычайныя. Таму спадар Аляксандр можа, не
баючыся, піць ваду з уласнавыкапанага калодзежа. На жаль, лазню з гарачай
калодзежнай вады ён так і не паспеў зрабіць.
Фота photosight.ru