Невядомыя пагражалі хлопцу, што зняў відэа, як валаклі жабрака ў метро
Працягваецца скандал вакол гісторыі з затрыманнем жабрака ў пераходзе станцыі метро "Уручча".
Нагадаем, што інцыдэнт адбыўся ўвечары 18 верасня. Міліцыянты жорстка затрымалі "сляпога жабрака", чым выклікалі абурэнне грамадзян. Адзін з міліцыянтаў цягнуў жабрака за нагу па лесвіцы. Відэаздымкі гэтага з'явіліся ў інтэрнэце.
Іх выклаў у сацыяльныя сеткі сведка інцыдэнту Кірыл. Аднак у суботу ён сам выдаліў відэа са свайго акаўнту. Хлопец пракаментаваў гэта так: "Я выдаліў пост для поўнага разбору інфармацыі, так што ўсё яшчэ наперадзе!" Таксама ён змяніў прозвішча і пазначанае месца жыхарства, піша nn.by.
Праз некалькі хвілін Кірыла выклаў скрыншот з пагрозай у яго бок. Запісы былі зробленыя са спецыяльна створанага фэйкавага акаўнта.
У нядзелю відавочца ўвогуле выдаліў сваю старонку "ВКонтакте".
Нагадаем, што Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на затрыманага жабрака за супраціў міліцыянтам. Па словах следчых, ідзе праверка, наколькі абмежаваныя фізічныя магчымасці ў затрыманага.
Інцыдэнтам з інвалідам на станцыі метро "Уручча" заняўся Следчы камітэт