Вы тут

Недзеяздольнаму інваліду ў Лідзе павысілі камуналку ў пяць разоў

TUT.by

Жыхару Ліды Уладзіміру Сянкевічу са снежня 2018 года ў пяць разоў павысілі плату за камунальныя паслугі, хаця мужчына з'яўляецца інвалідам. Пра гэта парталу TUT.by распавяла яго сястра Тамара Якубоўская

Па яе словах, мужчына ўжо 8 гадоў знаходзіцца ў Лідскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. Да таго часу яны з сястрой жылі ў кватэры, якая дасталася ім у спадчыну ад мамы. 

"Калі Уладзімір пераехаў, яго апекуном стаў інтэрнат, аднак права ўласнасці на палову кватэры за ім захавалася. Увесь гэты час я аплачвала камуналку і за сябе, і за брата, бо даход у яго вельмі маленькі — усяго 23 рублі, гэта 10% ад пенсіі, астатнія 90% атрымлівае інтэрнат. На гэтую сціплую суму Уладзімір купляе цукеркі, шампунь, нейкія іншыя дробязі", — дзеліцца падрабязнасцямі жанчына. 

Рахунак на камунальныя паслугі на кватэру чыноўнікі падзялілі на два, бо ў жытла два ўласнікі. А потым паднялі аплату ацяплення на частку кватэры інваліда да эканамічна абгрунтаванага тарыфу. Маўляў, у яго палове кватэры ніхто не прапісаны.

"То бок, калі да гэтага брату трэба было плаціць 10 рублёў за ацяпленне, то гэтай зімой ужо каля 50 у месяц. Гэтая сума ў два разы перавышае даходы Уладзіміра, я таксама пенсіянерка. За зімовыя месяцы ўтварылася запазычанасць у 219 рублёў. На сёння ўжо і салідная пеня накропала — больш за 80 рублёў", — распавядае Якубоўская. 

Жанчына не адмаўляецца аплочваць камунальныя паслугі за брата, але просіць вярнуць іх да ранейшых тарыфааў. З такой просьбай яна звярталася і ў ЖКГ, і да мясцовых уладаў, і ў пракуратуру, і нават да памочніка прэзідэнта, інспектара па Гродзенскай вобласці Івана Лаўрыновіча. Але нідзе ёй не патлумачылі, як інвалід павінен аплачваць камуналку, якая перавышае яго даход. А для вяртання ранейшых тарыфаў чыноўнікі падставаў не знайшлі.

Па словах пенсіянеркі, цяпер з 23 рублёў штомесячнага даходу яе брата 7 рублёў утрымліваюць у кошт запазычанасці за камунальныя паслугі. У разглядзе яе заявы ў судзе адмовілі, бо сястра не з'яўляецца апекуном інваліда. А адміністрацыя інтэрната ў суд звяртацца не хоча, бо не бачыць, каб правы падапечнага парушаліся.

Жанчына кажа, што камунальнікі раілі ёй, як пазбегнуць аплаты высокіх камунальных тарыфаў. Напрыклад, здаць пакой у арэнду па дамове або заключыць фіктыўную дамову. "Але ў нас хрушчоўка з прахадным пакоем, каго ў яе паселіш?" — адзначае жанчына. А на фіктыўную дамову яна таксама не пагаджаецца. 

"Я не спецыяльна аддала брата ў інтэрнат, каб не служыць яму, а цяпер плаціць не хачу. Проста яму патрэбна спецыялізаваная дапамога, якую чалавек без належнай падрыхтоўкі аказаць не ў сілах. А калі са мной нешта здарыцца і брату давядзецца аднаму плаціць камуналку, якая вышэй за яго даход? Што тады? У мяне адзін адказ: нас свядома заганяюць у даўгі, каб потым за іх забраць кватэру", — мяркуе лідчанка.

Юрыст офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі лічыць, што ў гэтым выпадку адбываецца грубая юрыдычная калізія.

"З пункту гледжання заканадаўства ў дадзенай сітуацыі ніякіх супярэчнасцяў няма. Чалавек адсутнічае ў кватэры. ЖКГ мае права налічваць камуналку па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Але ў дадзеным выпадку важна, чаму чалавек выехаў з гэтага жылля, што ён знаходзіцца ў установе аховы здароўя", — падкрэслівае юрыст.

Граблеўскі звяртае ўвагу, што поўная аплата камуналкі была прапісаная ў заканадаўстве не для таго, каб яе накладаць на інвалідаў, а для тых, хто мае некалькі кватэр або з'ехаў на пастаяннае жыхарства за мяжу. Юрыст кажа, што Уладзімір Сянкевіч пераехаў у інтэрнат, бо не мог атрымаць належную дапамогу дома. "З пункту гледжання Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю — гэта адмова ў разумным прыстасаванні. Ён і так ахвяра. Дык яго ж за гэта яшчэ і абіраюць павышанымі тарыфамі. Гэта прыклад грубай праявы інстытуцыйнага падыходу і дыскрымінацыі. Чалавек стаў ахвярай дыскрымінацыйных адносін у сувязі з яго інваліднасцю", — лічыць юрыст.