Вы тут

Не змяняць пенсійную сістэму немагчыма: адлічваць на салідарныя пенсіі няма каму

Уладам давядзецца вырашыць, як і сістэму памяняць, і пенсіянераў не пакрыўдзіць / Еўрарадыё

Трэба каля $500 млн у год, каб правесці пенсійную рэформу і не пакрыўдзіць тых, хто ўжо адлічваў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, лічаць акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова і старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

Такія выдаткі Беларусі па сілах, тым больш іншага выйсця няма. Старэнне насельніцтва і міграцыя прыводзяць да таго, што людзей працаздольнага ўзросту становіцца ўсё менш.

У "Марафоне ідэй" на Еўрарадыё эксперты расказалі, што трэба зрабіць, каб маладыя беларусы паверылі дзяржаве і сталі назапашваць на пенсіі, а дарослае пакаленне не засталося без падтрымкі.

 

Беларусы не думаюць пра пенсію

Паколькі ў ФСАН ужо не стае грошай на пенсіі і яго даводзіцца датаваць, у Беларусі няма магчымасці выбіраць, праводзіць рэформы ці не. Гэта давядзецца зрабіць.

Пры гэтым самі беларусы ў асноўным не думаюць пра адкладзеныя на пенсію грошы. Паводле вынікаў апытання BEROC і ІПМ у 2019 годзе, больш за 70% рэспандэнтаў разлічваюць жыць на дзяржаўную пенсію. Хоць у Беларусі яна не заўсёды дасягае 40% сярэдняга заробку.

— Людзі думаюць пра нешта, калі яны могуць на гэта паўплываць. Калі ў цябе не пытаюцца пра пенсію, то навошта пра гэта думаць? Можна рабіць уласныя назапашванні, але не ва ўсіх ёсць такія магчымасці, — расказвае Леў Львоўскі.

Не заўсёды рэч у нізкіх заробках. Беларусы не вераць у доўгатэрміновыя назапашванні.

— У нас пакаленнямі з людзей выбівалася звычка да доўгатэрміновых назапашванняў. Яны за апошнія сто гадоў некалькі разоў згаралі, — кажа Кацярына Барнукова.

 

Назапашаная пенсія або дзяржаўная, каб з голаду не памерці

Ёсць некалькі варыянтаў пенсійнай сістэмы.

— Гэта альбо сацыяльная пенсія, гэта значыць салідарная, якая цяпер у Беларусі, альбо назапашвальная. Ёсць шмат розных варыяцыі сістэм. Напрыклад, частка будзе салідарнай, гэта значыць вы не будзеце паміраць з голаду, нават калі нічога не назапасілі, а нейкая частка будзе назапашвальнай, — кажа Леў Львоўскі.

Цяперашнія пенсіі невялікія, але на іх усё роўна разлічваюць / Reuters

Беларусі трэба нешта паміж назапашвальнай і салідарнай сістэмай. Бо калі перайсці цалкам на назапашвальную сістэму, калі кожны назапашвае толькі на сваю пенсію, у пройгрышы апынуцца тыя, хто ўжо гадамі рабіў адлічэнні ў ФСАН.

Кацярына Барнукова лічыць, што, нават нягледзячы на недавер людзей, стварыць назапашвальны элемент пенсійнай сістэмы магчыма.

Эксперты раяць не спадзявацца на дзяржаву і самім назапашваць на пенсію / Reuters

Пакуль у Беларусі пенсійная сістэма ўладкаваная так, быццам пенсія — падарунак ад дзяржавы. Гэта скажае стымулы для назапашвання, а ў людзей не ўзнікае адчування, што пенсія — гэта заробленыя імі грошы. Давядзецца вырашыць і гэтае пытанне.

— Напрыклад, у ЗША дазволена вымаць пенсійныя назапашванні, як мінімум нейкую частку, на важныя пакупкі. Напрыклад, на куплю дарагой аперацыі. Калі вам сапраўды будзе дазволена траціць частку гэтых грошай на нейкія важныя рэчы, то вы будзеце больш верыць і адчуваць, што гэта менавіта вашы грошы, — кажа Леў Львоўскі.

 

Дэмаграфічныя мэты праваленыя

Паколькі праблема цяперашняй пенсійнай сістэмы звязаная са старэннем насельніцтва, улады спрабавалі вырашыць яе, стымулюючы сям'і заводзіць больш дзяцей. Але прапаноўваць ільготы на будаўніцтва жылля і дапамогі па доглядзе дзяцей аказалася недастаткова.

Магчымасць сумяшчаць выхаванне дзіцяці і кар'еру актуальнейшая, чым дапамогі / Еўрарадыё

— Дапамогі добра дзейнічаюць на самыя бедныя слаі насельніцтва, асабліва на сельскіх жыхароў. Там мы бачылі сапраўды добрую рэакцыю на гэтую палітыку.

Калі гаварыць пра сучасных гарадскіх жыхароў, то для іх патрабуецца зусім іншы шэраг захадаў падтрымкі нараджальнасці. Сучаснай жанчыне трэба не 300 рублёў на падгузкі, а трэба, каб яна магла сумяшчаць кар'еру і выхаванне дзяцей. Гэта значыць, трэба больш гнуткія працоўныя графікі, больш гнуткія дамовы, інфраструктура, напрыклад яслі да трох гадоў, — кажа Леў Львоўскі.

Кацярына Барнукова дадае, што да дэмаграфічных праблем адносіцца і больш кароткая працягласць жыцця сярод мужчын. Таму давядзецца падвышаць пенсійны ўзрост для жанчын. З 2022 года пенсійны ўзрост зноў падымуць на паўгода. Для мужчын ён складзе 63 гады, а для жанчын — 58 гадоў.

— Аргумент, які выкарыстоўваў наш урад, пра тое, што жанчына больш укладваецца ў побыт і дзяцей, паволі адыходзіць у мінулае. Таму не вельмі зразумела, з якіх прычын жанчыны павінны выходзіць на пенсію раней. Натуральна было б даць на самай справе многім з іх магчымасць працягваць працаваць даўжэй, — адзначае Кацярына Барнукова.

Эксперты таксама звяртаюць увагу на паспяховыя палітыкі прыцягнення ў краіну мігрантаў, як у Канадзе або Польшчы. Але пакуль людзі з Беларусі з'язджаюць. Прычым міграцыя з палітычных прычын можа змяніцца міграцыяй праз эканамічныя праблемы і пагаршэнне ўзроўню жыцця ў краіне, рэзюмуюць эксперты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.