Не павялічваць зло: што яшчэ можна рабіць у Беларусі

Не павялічваць зло: што яшчэ можна рабіць у Беларусі

Нават ва ўмовах цяперашняй Беларусі застаецца поле для дзейнасці і метады, якімі можна працаваць, лічыць палітык Андрэй Дзмітрыеў. І галоўнае, з чаго трэба пачаць, — не павялічваць колькасць зла.

— Заўсёды застаецца тое, што можна рабіць. Гэта простыя рэчы. Найперш — не павялічваць колькасць зла, якое існуе. Па-другое — падтрымліваць людзей побач з сабой. Па-трэцяе — распавядаць у межах сям’і, знаёмых гісторыю Беларусі. Распавядаць, што значыць радзіма, грамадзянскія правы, распавядаць, што значыць Канстытуцыя і як яна павінная працаваць. Вучыць мову. Гэта ўсё па-ранейшаму магчыма, проста трэба спрабаваць гэта рабіць з улікам сітуацыі.

Дзмітрыеў пагаджаецца: так, цяпер за каментар, які можна палічыць абразлівым, можна сутыкнуцца з пераследам.

— Трэба вучыцца фармуляваць, пісаць па-іншаму, можа, менш эмацыйна. Але як толькі мы кажам сабе, што нічога не магчыма, мы падыгрываем самому [Аляксандру] Лукашэнку. Бо ён хоча, каб мы думалі, што нічога не магчыма.

Дзмітрыеў прыводзіць і ўласную матывацыю, якой кіруецца. У яго расце сын, і калі ён прыме, што нічога не магчыма ў Беларусі, тады наступным лагічным крокам будзе ад’езд дзяцей.

— А гэта азначае, што тут няма будучыні. Я рэаліст і разумею, што адбываецца. Але і аптыміст, таму што бачу людзей.

Арганізацыя “Гавары праўду” цяпер знаходзіцца ў стане ліквідацыі, яе сябры стварылі два аргкамітэты — аргкамітэт партыі і грамадскай арганізацыі.

— Мы ўсё роўна працуем з грамадствам. Інакш, чым рабілі гэта раней, ёсць менш таго, пра што я магу распавядаць, не магу дзяліцца фотаздымкамі. Але заўсёды застаецца тое, што можна рабіць, — упэўнены Дзмітрыеў.

 

Поўную версію размовы з Андрэем Дзмітрыевым глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі