Найбуйнейшая бальніца ў Газе не можа працаваць з-за баёў — кіраўнік СААЗ

У бальніцы "Шыфа" ў Газе

У бальніцы "Шыфа" ў Газе / Reuters

Найбуйнейшая бальніца ў сектары Газа не можа працаваць з-за баёў, расце колькасць смерцяў сярод пацыентаў. Пра гэта заявіў кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Тэдрас Аданам Гебрэісус. Яго словы прыводзіць Reuters.

Гаворка перш за ўсё пра комплекс "Шыфа" на поўначы Газы — бальніца блакаваная ізраільскімі сіламі. Персанал з цяжкасцю спраўляецца з тым, каб аказаць дапамогу людзям, якія знаходзяцца ўнутры, заявіў кіраўнік СААЗ пасля размовы з персаналам клінікі. На фоне баёў ёсць пагрозы адключэння электраэнергіі. "На жаль, колькасць загінулых пацыентаў значна ўзрасла",— піша Гебрэісус у сацсетцы X (экс-Twitter). Паводле яго слоў, Шыфа "больш не функцыянуе як бальніца". Кіраўнік СААЗ далучыўся да іншых высокапастаўленых чыноўнікаў ААН, якія заклікаюць да неадкладнага спынення агню.

У Тэль-Авіве кажуць, што мэтай з'яўляецца не бальніца, а баевікі ХАМАС, якія напалі на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка. Па словах ізраільскага боку, групоўка мае камандныя цэнтры пад бальніцамі і побач з імі. У Ізраілі кажуць, што спрабуюць вызваліць больш за 200 закладнікаў, захопленых баевікамі ХАМАС, і што бальніцы з аглядкай на гэта павінны быць эвакуяваныя.

Адзначым, што мінулай ноччу Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) працягвала дзейнічаць у сектары Газы. Паступалі паведамленні аб баях не толькі побач з бальнічным цэнтрам "Шыфа", але і побач з іншымі кінікамі. Reuters таксама адзначае, што Еўрапейскі Саюз асудзіў ХАМАС за выкарыстанне "бальніц і грамадзянскіх асоб у якасці жывога шчыта" ў сектары Газа. Адначасова ў Брусэлі заклікалі Ізраіль праявіць "максімальную стрыманасць" для абароны грамадзянскага насельніцтва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі