Наста Хмель адкрыла школу аўтэнтычных спеваў

Наста Хмель, вакалістка гурта “Джамбібум”, якая ўжо шмат гадоў працуе з фальклорным матэрыялам Беларусі, нарэшце выпусціла свае веды ў свет. Зараз народнымі спевамі, пастаноўкай голасу і вывучэннем беларускіх культурных кодаў, можна займацца ў творчай лабараторыі “Джамбібум”.

Без какошнікаў і баянаў”, - папярэджвае Наста, і кажа, што людзі, якія займаюцца ў школе, перажываюць сапраўдную радасць ад знаёмства са сваёй роднай традыцыяй:

 “Мы проста спяваем беларускую аўтэнтыку і людзі з задавальненнем прыходзяць, спяваюць самі. Ім ужо не трэба, каб барабаны гучалі, ці нешта іншае, што звычайна прыцягвала ўвагу да фальклору. Людзям песні падабаюцца самі па сабе”.

Народная культура сёння мяняецца, і я бачу радасць людзей, якія спяваюць з намі. Відавочна, яны гэта любяць! Мне радасна гэта бачыць”.

Наста тлумачыць, што яна не займаецца падрыхтоўкай да кар’еры на сцэне, а прапануе шчыльнае знаёмства з беларускай традыцыяй і з самім сабой. У школе вам раскажуць, што такое абрадавы каляндар, як ён ўплывае на розум і цела чалавека, як па ім жылі нашы дзяды і бабулі і якія асноўныя сакральныя святы сваёй культуры мусіць ведаць кожны беларус:

 “Усё гэта мы робім для сябе, робім фальклорныя святы і ўсе гэта выглядае па-сучаснаму, па-моладзеваму. У нас няма ніякіх какошнікаў, ніякіх баянаў. Мы вывучаем песні, якія гучалі стагоддзі таму і я бачу, што ідэя вывучэння культуры развіваецца.


Мы пакуль што не прэтэндуем на тое, каб развіць тут вялікі рух на усю краіну. Працуем пакрысе. Кожны робіць тое, што можа”.

Школа знаходзіцца на вуліцы Ўральскай 41 у “Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Партызанскага раёна”. Ўзрост студэнтаў Насты – 18-35 гадоў. Нягледзячы на тое, што праца адбываецца ў дзяржаўнай ўстанове, Наста адчувае сябе камфортна і складанасцяў у функцыянаванні школы не ўзнікае:

У нас ёсць пляцоўка для творчасці, якая называецца “Творчая лабараторыя “Джамбібум”. Гэта  група этнічных барабанаў, этнічнага вакалу і шматгалосся.

Прыходзяць людзі, якія спачатку зацікавіліся народнымі спевамі, але ў іх ёсць нейкія свае песні. Яны пачынаюць адзін аднаму падыгрываць, пачынаецца рух і атрымоўваецца сапраўдная такая творчая лабараторыя, стасункі паміж людзьмі, якія самі не музыкі, але іх вельмі хвалюе музыка і яны хочуць выражацца яшчэ і ў такой форме. Мы гэтаму дапамагаем, як можам, і радуемся”.

Падчас Масленіцы Наста са сваімі студэнтамі рабіла абрад у Строчыцах, зараз школа рыхтуе Гуканне вясны. Акрамя Насты ў школе выкладаюць і іншыя музыкі, якія працуюць з фальклорам. Калегі мяняюцца песнямі, спяваюць адзін для другога, абмяркоўваюць сімволіку тэкстаў і лёгка і цікава пакрысе вывучаюць свае культурныя коды. Зусім нядаўна студэнтаў наведала Вераніка Круглова (Kriwi). Хутка да курсаў далучацца і іншыя выканаўцы этнічных спеваў. Кошт такіх урокаў вельмі сімвалічны:

Хутчэй, гэта матывацыя для ўдзельнікаў. Мы ўсе атрымоўваем пазітыўныя эмоцыі, стасункі, бо гэта не толькі спевы, а і пастаноўка голасу, дыханне. Гэта карысна з усіх бакоў. Мы займаемся рознымі рэчамі, якія здольныя радаваць людзей тым, што яны спяваюць свае родныя песні”.

Музычная рэдакцыя Еўрарадыё.

Фота: www.generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі