Naka раскажа пра імгненную гісторыю кожнага

Гурт Naka пачаў здымаць кліп на адну з сваіх улюбёных песен «Дарога». Здымае ролік Юрый Стаюнічаў, рэжысёр, які катэгарычна адмаўляецца размаўляць пра працу, магчыма, таму яго мала хто ведае.

Удзельнічаюць у здымках непасрэдна Naka і вялікі сябра каманды фатограф Данііл Парнюк, які іграе ў кліпе самаго сябе. А калі дакладней, то і гурт выконвае ролю саміх сябе, таму па сюжэту атрымліваецца, што фатограф Даніла здымае гурт Naka.

Такая мудрагелістая ідэя кліпа ўзнікла ў фотамастака, калі ён убачыў Насцю на восьмым месяцы цяжарнасці. Пасля некалькіх прапановаў падключыўся і рэжысёр, маўляў, цяжарнасць, гэта такі незвычайны стан, які канцэнтруе ў сабе і мінулае, і сапраўднае, і будучыню.

Па асноўнай ідэі Насця, нібыта ў дарозе да сваёй будучыні, і гэты стан супадае з ідэяй песні «Дарога».

У верасні была скончаная першая частка кліпа, дзе рэжысёр адсняў на камеру моманты фотасэсіі Насці ў Данілы. А на мінулым тыдні адбыўся другі этап здымак, дзе Насця з’яўляецца ўжо ў новай якасці – сапраўднай маці, якая працягвае кар’еру спявачкі. Маўляў, уся каманда таксама працягвае свой шлях і рушыць да пастаўленай мэты.

Па словах Юрыя “кліп «Дарога», расказвае пра імгненную гісторыю кожнага з нас». Дадам, што здымкі відэа скончацца ў бліжэйшыя два тыдні. У музычным эфіры па планах гурта ролік з’явіцца ў красавіку. Таксама, у планах каманды – здымкі другога кліпа на песню «Фабрыка зорак».

Фота — www.naka.by.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі