"Нагода шыкоўная": за што адваката Бабарыкі выключылі з мінскай калегіі?

Дзмітрый Лаеўскі / сацсеткі
Дзмітрый Лаеўскі / сацсеткі

Мінская гарадская калегія адвакатаў прыняла рашэнне выключыць з сваіх шэрагаў адваката Віктара Бабарыкі — Дзмітрыя Лаеўскага.

Разгляд дысцыплінарнай вытворчасці доўжыўся дзве гадзіны. Члены калегіі заслухалі выступленне самога Лаеўскага з тлумачэннямі, а таксама яго калег па абароне Бабарыкі.

"Дысцыплінарная камісія МГКА прыняла рашэнне выключыць мяне з калегіі адвакатаў. За просьбу аб апраўданні людзей", — напісала Лаеўскі ў сваім тэлеграм-канале.

Дысцыплінарная вытворчасць была ўзбуджаная 2 ліпеня. Нагода, паводле слоў самога Лаеўскага,"была шыкоўная".

"Выступаючы ў судовых спрэчках, я папрасіў апраўдаць людзей, чыя вымушаная згода з абвінавачаннем выкарыстоўваецца для незаконнага крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі. Я запярэчыў супраць пазіцый гэтых абвінавачаных, указаў на наяўнасць у іх матываў для самаагавору, абгрунтаваў адсутнасць злачынства ў дзеяннях гэтых абвінавачаных і папрасіў іх апраўдаць (а іх абаронцы з гэтым не згодныя)", — тлумачыць Лаеўскі.

Калегія палічыла гэта "выказваннямі ў дачыненні да абвінавачвання іншых асоб, якія супярэчаць іх пазіцыі і пазіцыі іх абаронцаў".

У судзе Лаеўскі прывёў довады невінаватасці абвінавачаных і аспрэчыў довады, агучаныя іх абаронцамі. Калегія расцаніла гэта як "ацэнку пазіцыі і працы іншых адвакатаў у прысутнасці іх кліентаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі