Надзея Скардзіна абвясціла пра завяршэнне кар’еры

Біятланістка Надзея Скардзіна абвясціла пра завяршэнне сваёй спартовай кар’еры. Пра гэта паведамляе Прессбол са спасылкай на тэлеканал Беларусь 1.

“Дзякуй Беларусі, камандзе, што я адчула сябе тут сваім чалавека. Усім дзякуй. Спадзяюся, я для вас застануся вашай біятланісткай. Разумею, што трэба рабіць некаторыя крокі своечасова, а не пасля. Не магу знайсці матывацыю, сілы на штодзённыя трэніроўкі. Найгалоўны фактар —  я сапраўды хачу адпачыць. Велічэзны дзякуй усім заўзятарам і камандзе, у якой я знаходзілася 15 гадоў”, —  адзначыла спартсменка.

На сёлетняй Алімпіядзе ў Пхенчхане Надзея Скардзіна заваявала золата ў эстафетнай гонцы. На Гульнях-2014 у Сочы яна была бронзавай прызёркай у індывідуальнай гонцы. Таксама яна мае бронзу чэмпіянату свету 2011 года ў эстафеце.

Скардзіна —  расіянка, якая атрымала беларускае грамадзянства і выступала за нацыянальную зборную з 2006 года.