Нацбанк: Дэвальвацыя — толькі адзін з пунктаў гледжання

Нашай эканоміцы патрэбная дэвальвацыя. Гэта канстатуюць нават дзяржаўныя эксперты з “Эканамічнага бюлетэня”, што выдаецца пры Міністэрстве эканомікі. Дэвальвацыя згадваецца на фоне “шэрагу тэндэнцый, што парушаюць макраэканамічную збалансаванасць”.

Цытата: “Адставанне тэмпаў дэвальвацыі нацыянальнай валюты ад тэмпаў інфляцыі і ўмацаванне беларускага рубля адмоўна адбіваецца на коштавай канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі”.

Аўтар артыкула — Віктар Пінігін — кандыдат эканамічных навук, працуе намеснікам дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі. Меркаванне больш чым афіцыйнае. Але ці дойдзе яно да Нацыянальнага банка, што “адказвае” за курс долара?

Прэс-сакратар Нацбанка Аляксандр Цімашэнка ў размове з Еўрарадыё кажа, што пра артыкул Пінігіна ведае. Але падкрэслівае: навуковец выказвае толькі адно з шэрагу экспертных меркаванняў.

“Навукоўцы — яны на тое і навукоўцы, каб выказваць розныя пункты гледжання. Так, гэты пункт гледжання можа легчы ў аснову афіцыйнай пазіцыі, а можа не легчы. А ўвогуле, па рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі Нацбанк працуе з урадам. Па ўсіх ключавых пытаннях”.

У сваім артыкуле Віктар Пінігін піша не пра рэзкую, а пра плаўную дэвальвацыю. Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што прынцыповага значэння хуткасць не нясе. Але ёсць псіхалагічны момант:

“Вядома, заўжды ў чалавека рэакцыя на рэзкія змены. Наша дзяржава добра ведае гэтую псіхалагічную заканамернасць. Таму ў нас кошты на гарэлку падвышаюцца не адразу, хаця трэба падвышаць, а паступова. Ці кошты на малако. Гэта робіцца, у тым ліку, і з дэвальвацыяй”.

Пры гэтым Злотнікаў кажа, што дэвальвацыя сама па сабе не здольная вырашыць праблемы — яна можа толькі дапамагчы. А можа і не дапамагчы. У выпадку, калі рэальны сектар апынецца няздольны ёю скарыстацца.

Пасля навагодняй дэвальвацыі 2009 года беларускі рубель прывязаны да кошыка валютаў. Гэтая прывязка захоўваецца і сёння, але перашкодзіць “апусціць” рубель ніяк не можа. У 2009-2011 гадах Нацбанк усталёўваў ліміты: спачатку рубель мусіў трымацца ў межах 5% ад кошту кошыка, пасля — +-10%, а перад травеньскай дэвальвацыяй 2011 года — нават +-12%.

Але пасля выхаду на плаваючы курс у верасні-кастрычніку 2011 года гэтыя ліміты зніклі, і наступная дэвальвацыя папросту вызначыць новы кошт кошыка валют, кажа аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.

Таго ж меркавання прытрымліваецца эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Адвяжуць, прывяжуць, адзін ліміт зробяць, пасля іншы. Калі ў нас бюджэт перапісваецца па пяць разоў на год, прывязка да кошыку валютаў увогуле ні на што не ўплывае”.

Дарэчы, з пачатку года рубель ужо “саслабеў” да кошыка валют на 1,95%.

Тым часам, у аўторак долар “прабіў” псіхалагічны бар’ер у 9 тысяч рублёў, а ў сераду працягнуў расці. Плаўная дэвальвацыя, пра якую піша Віктар Пінігін, ужо пачалася?

Фота: www.svaboda.org.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі