Вы тут

Беларускі рубель мацнее другі тыдзень: гэта надоўга?

Беларускі рубель расце адразу да долара, еўра і расійскага рубля / Еўрарадыё

Праз тэрмін выплаты квартальных падаткаў беларускі рубель умацоўваецца да долара, еўра і расійскага рубля другі тыдзень. З панядзелка, 19 ліпеня, еўра апусціўся ніжэй за 3 рублі.

Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы 22 ліпеня долар патаннеў на 1,7 капейкі і каштуе 2,5148 рубля, курс еўра знізіўся на 1,3 капейкі і склаў 2,9662 рубля. Упершыню з 14 ліпеня падрос расійскі рубель: на 1 капейку да 3,412 беларускага рубля.

Аднак тэрмін выплаты падаткаў падышоў да канца. Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам і даведалася, што будзе далей з беларускім рублём і як можа на яго курс паўплываць чацвёрты пакет санкцый ЕС ужо цяпер.
 

Праз санкцыі прадпрыемствы могуць скідаць валюту

Курсы валют рэагуюць на суадносіны попыту і прапанавання, адзначае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

 

Прыкметнае зніжэнне ўсіх трох валют было на мінулым тыдні і працягваецца на гэтым. Ёсць адна відавочная і бясспрэчная прычына — гэта выплата падаткаў. Якраз з мінулага тыдня аж да сённяшняга чысла, 22 ліпеня, выплачваецца падатак на прыбытак за другі квартал. Адпаведна, прадпрыемствы-экспарцёры, у якіх выручка ў валюце, а падаткі трэба плаціць у рублях, прадаюць валюту за рублі, каб заплаціць падаткі.

Беларускі рубель не абавязкова пачне падаць 23 ліпеня, калі падаткі ўжо будуць сабраныя, мяркуе эксперт.

 

Можна выказаць здагадку, што ёсць прадпрыемствы з вялікай колькасцю валюты на рахунках, якія асцерагаюцца санкцый і таго, што іх плацяжы ў валюце могуць трапіць пад абмежаванні. Такія прадпрыемствы могуць актыўна канвертаваць сваю валюту ў беларускія рублі.
 

Банкаўскія санкцыі блакуюць паступленне валюты ў Беларусь

Таксама на курс беларускага рубля могуць уплываць знешнія фактары.

 

Пакуль фінансавыя санкцыі ЕС найбольш небяспечныя для беларускага рубля / Еўрарадыё

Знешнія фактары пастаянна ўплываюць на курсы асобных валют. Бывае, што еўра і долар падаюць, а расійскі рубель расце ці наадварот і гэтак далей. Гэта не ўплыў на беларускі рубель. Яго трэба ацэньваць па змене валютнага кошыка. На гэта могуць паўплываць сектаральныя санкцыі Еўрасаюза. Але яны яшчэ не дзейнічаюць і пакуль не прывялі да памяншэння валютнай выручкі і зніжэння курса рубля.

Затое банкаўскія санкцыі могуць стацца небяспечныя раней, чым пачнуць дзейнічаць іншыя абмежаванні ЕС.

У асобных выпадках банкаўскія санкцыі набылі вельмі пашыранае тлумачэнне. На самай справе абмежаванні датычацца таго, каб тром дзяржбанкам не выдаваць крэдыты на тэрмін больш за 90 дзён. На практыцы ўзнікаюць праблемы з плацяжамі, не звязанымі з крэдытаваннем. А з любымі плацяжамі і на карысць гэтых дзяржбанкаў, і нават на карысць іншых банкаў, якія не трапілі ў гэты спіс.

Так санкцыі могуць закрануць зусім нечаканыя сферы. Пры масавым блакаванні валютных плацяжоў валютнай выручкі Беларусь атрымае менш не таму, што не можа прадаваць нейкую прадукцыю, а таму, што не зможа атрымаць за яе грошы.

Адпаведна, паменшыцца прапанаванне валюты, і гэта акажа ціск на курс беларускага рубля, — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.