Нацбанк Беларусі патлумачыў дэфіцыт наяўных долараў

Нацбанк Беларусі патлумачыў дэфіцыт наяўных долараў

19 сакавіка Нацыянальны банк патлумачыў праблемы з замежнай валютай у беларускіх банкаў. Як паведамляла Еўрарадыё, яны не ўвялі абмежаванняў, але для зняцця значных сумаў яе трэба загадзя замаўляць. Пазней з'явіўся каментар прэс-службы Нацбанка "Аб бягучай сітуацыі на фінансавым рынку Рэспублікі Беларусь". У ім прызнаецца, што апошнімі днямі з-за значнага павелічэння валацільнасці на глабальных фінансавых рынках на ўнутраным валютным рынку нашай краіны "павысіўся попыт на замежную валюту". Гэтая сітуацыя паўплывала на дынаміку курса беларускага рубля да замежных валют.

"У мэтах абмежавання рызыкаў забяспячэння фінансавай стабільнасці... Нацыянальны банк праводзіў валютныя інтэрвенцыі ў дадатковых аб'ёмах", — паведамляе прэс-служба. Адзначаецца, што ў Беларусі захоўваецца плаваючы курс рубля.

Што да недахопу валюты, то прычынай такой сітуацыі называецца "распаўсюд эпідэміі каранавіруса" і значнае скарачэнне рэйсаў міжнародных авіякампаній — наступства ўвядзення многімі краінамі абмежаванняў на ўезд замежнікаў. А гэта "істотна ўскладніла перамяшчэнне грузаў паміж краінамі".  

"З-за гэтага ў дадзены момант еўрапейскія банкі і фінансавыя арганізацыі, якія прадстаўляюць паслугі па продажы наяўных долараў ЗША на еўрапейскім рынку, маюць цяжкасці з дастаўкай валюты са Злучаных Штатаў Амерыкі, — паведамляе Нацбанк Беларусі. — Гэта прывяло да дэфіцыту наяўных долараў ЗША ў краінах рэгіёну на фоне павелічэння попыту на іх...".

Прэс-служба Нацбанка падкрэслівае, што з-за гэтага ў касах і абменных пунктах банкаў "можа назірацца часовы недахоп наяўных долараў". Аднак абмежавання па пакупцы безнаяўных долараў няма. "У касах банкаў у дастатковай колькасці знаходзіцца іншая замежная валюта (напрыклад, еўра)", — супакойвае грамадзян Нацбанк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі