На ўчастку ў інтэрнаце БДУ за адзін дзень прагаласавала 25% выбаршчыкаў

За першы дзень датэрміновага галасавання на 53-м участку ў Мінску прагаласавала больш за чвэрць выбаршчыкаў.
Сам участак знаходзіцца ў адным з інтэрнатаў БДУ на вуліцы Кастрычніцкай і да яго збольшага адносяцца студэнты. Як распавёў Еўрарадыё старшыня выбарчай камісіі, асноўны паток студэнтаў галасуе пасля заняткаў па абедзе і ўвечары.
"Ёсць лічба за ўчорашні дзень. Мы кожны дзень увечары падводзім вынікі. Учора ў нас бюлетэні для датэрміновага галасавання атрымалі 504 чалавекі, усяго на ўчастак атрымалі 1900 бюлетэняў. Паволі народ падыходзіць. Больш пасля абеду: да абеду ў студэнтаў заняткі. Зранку менш актыўна. Вось малады чалавек ідзе галасаваць".
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што вітае такое жаданне студэнтаў прагаласаваць датэрмінова. Усе студэнты на гэтым участку не з Мінска, таму многія, на яго думку, хочуць паехаць у выхадны дадому.
"Я гэта вітаю, мне гэта падабаецца. Калі маладыя людзі думаюць аб тым, што ў іх, акрамя вучобы і дзяржаўных абавязкаў, ёсць яшчэ моладзевыя інтарэсы: каханне, творчасць — я гэта вітаю. Яны могуць разам з сябрамі правесці гэты выхадны дзень".
Між тым Мікалай Лазавік распавёў, што аддаць свой голас па месцы асноўнай рэгістрацыі не атрымаецца. Галасаваць студэнт мае права толькі там, дзе зарэгістраваны часова і пражывае ў дадзены момант, а не там дзе жывуць бацькі. Рэч у тым, што ў пашпарт ставіцца толькі пячатка пастаяннай рэгістрацыі, але прагаласаваць па ёй не атрымаецца, калі добра спрацавала міліцыя.
"Часовая рэгістрацыя паказвае, дзе ён пражывае ў цяперашні час падчас выбараў. Каб ён не прагаласаваў па месцы асноўнай "прапіскі", як гаворыцца, органы МУС абавязаны паведаміць туды па месцы асноўнай рэгістрацыі, што ён жыве ў Мінску ў студгарадку, — і ён не ўключаецца у спісы па месцы жыхарства сваіх бацькоў".
Самі ж студэнты, якія жывуць у інтэрнатах і ўжо выканалі свой грамадзянскі доўг, кажуць, што прагаласаваць датэрмінова іх папрасілі.
"Я прагаласаваў учора ўвечары. Мяне папрасілі прагаласаваць раней. Я, вядома, не хацеў, але... як бы, папрасілі... трэба".
"Я прагаласаваў літаральна толькі што. У дзень выбараў не змагу прагаласаваць, заняты буду, з'язджаю".
"Прагаласаваў толькі што. Увогуле нас просяць галасаваць датэрмінова. Я прыйшоў да такой думкі, што розніцы ў гэтым няма, але паколькі многім добрым людзям стане ад гэтага трошкі лягчэй, я гатовы зрабіць гэта датэрмінова".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі