На сёлетнім фэсце "Рок за Баброў" выступяць толькі два гурты

Фестываль “Рок за Баброў” сёлета зменіць канцэпцыю. Гэтым разам на ім выступяць толькі два гурты, прычым расійскія, а сам фэст пройдзе на пачатку чэрвеня ў новым месцы. Пра гэта Еўрарадыё распавяла Ірына Курцэвіч, прадстаўніца кампаніі "Гепта Груп", якая займаецца арганізацыяй мерапрыемства.

Ірына Курцэвіч: "Канцэпцыя фестывалю: "Бобров" пабудаваў машыну часу, і яе працу можна будзе прасачыць падчас самога фэсту. Хэдлайнеры будуць як для больш дарослай аўдыторыі, так і для той, што падрастае. Гэта будуць папулярныя, любімыя ўсімі рок-гурты старога і новага пакаленняў, гэта будуць расійскія калектывы, не беларускія. Аднак пакуль не буду раскрываць таямніцу і называць іх".

На дадзены момант вырашана, што на фэсце выступяць толькі гэтыя два таямнічыя калектывы і больш нікога. Аднак не выключана, што бліжэй да мерапрыемства да расійскіх хэдланераў далучыцца і малады беларускі разагрэў.

Сёлета фестываль зменіць не толькі канцэпцыю, але і пляцоўку. З гарналыжнага курорта “Рок за Баброў” пераедзе на лётнае поле і пройдзе ў пачатку чэрвеня.

Ірына Курцэвіч: "Гэта будзе пачатак чэрвеня, нейкі выходны дзень, ці 4-га, ці 11-га. Дакладнае месца яшчэ не вызначана, але гэта будуць не "Сілічы" і не Лагойск. Гэта будзе нейкая вялікая пляцоўка, магчыма аэрапорт "Мінск-1", ці "Баравая". Фэст працягнецца адзін светлавы дзень. Цэлы дзень можна будзе ўдзельнічаць у розных "актыўнасцях", а пасля, у якасці апагея фестывалю, паслухаць хэдлайнераў".

Нягледзячы на тое, што "Рок за Баброў" непасрэдна звязаны з півам, папіць яго там, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Але арганізатары фэсту кожны раз змагаюцца за дазвол на ўжыванне пеннага напою і гэтым разам спадзяюцца на лепшае.

Ірына Курцэвіч: "Кожны раз гэтае пытанне ўздымаецца, але пакуль адказ аднолькавы. Закон забараняе піць алкагольныя напоі на грамадскіх мерапрыемствах на адкрытым паветры. Піва ў нас дазволена прадаваць за 500 метраў ад асноўнай кропкі актывацыі. Але калі ўлады пойдуць насустрач, і будуць унесеныя нейкія папраўкі, то чаму б і не!"

Летась "Рок за Баброў" ладзіў конкурс сярод маладых рок-гуртоў, а сёлета змагацца будуць дызайнеры.

Ірына Курцэвіч: "Ужо тыдзень цягнецца конкурс, то бок гэта конкурс для дызайнераў. Хто прапануе лепшы малюнак для мульці-пака (кантэйнерная ўпакоўка з бутэлькамі піва - Еўрарадыё), той і пераможа. Даведацца пра конкурс больш падрабязна можна на сайце"Баброва", і ў групе "Рок за Баброў" у "Вконтакте", там жа будзе праходзіць галасаванне. Сёлета конкурсу для маладых выканаўцаў не будзе".

Для прызавых месцаў падрыхтаваныя сучасныя прызы. Да прыкладу, пераможца атрымае Монаблок Apple iMac 21.5., а за другое месца – графічны планшэт Trust Canvas Widescreen Tablet.

Фота: yousmi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі