Вы тут

На суд за мыла на вяровачцы выклікаюць спецыяліста з Інстытута мовазнаўства

Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Галоўны рэдактар маладзечанскай "Рэгіянальнай газеты" Аляксандр Манцэвіч распавёў Еўрарадыё пра сітуацыю з фота, якое выклікала фурор у сацсетках і давяло да суда. Чытач выдання даслаў здымак з прыбіральні на заводзе парашковай металургіі ў Маладзечне, на якім можна пабачыць мыла на вяровачцы.

rh.by

Дырэктар прадпрыемства Алег Тапалаў заявіў, што "вяроўку прывязаў правакатар". У выніку адміністрацыя завода падала ў Мінскі абласны эканамічны суд іск на "Рэгіянальную газету".

"Мы ўпэўненыя, што фота з гэтага завода, — кажа Манцэвіч. — У нас было папярэдняе пасяджэнне суда і прадстаўнік завода, намеснік дырэктара па прозвішчы Капуцкі, сказаў, што ён сам здымаў гэтае мыла з вяроўкі. Яны не адмаўляюць, што факт быў такі".

Аднак адміністрацыя завода прагне абвяржэння інфармацыі. Загаловак у газеце пачынаўся словамі "Каб не скралі...".

"Прэтэнзія? Нібыта, мы сцвярджаем, што на заводзе крадуць. Мы не бачым такога ў нашым тэксце, — працягвае Аляксандр Манцэвіч. — Мы на гэта глядзім проста: факт таго, што мыла было прывязанае, ёсць. Факт абвергнуць немагчыма. Тое, што "каб яго не скралі", гэта меркаванне. Меркаванне абвергнуць немагчыма. Можа быць іншае меркаванне. Іншае меркаванне — гэта меркаванне дырэктара, які кажа, што гэта правакацыя".

Па словах галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты", на папярэднім пасяджэнні суда бакі да згоды не прыйшлі. "Мы не разумеем, што можна абвергнуць", — кажа Манцэвіч. Паводле яго слоў, суд запрасіў на першае пасяджэнне на 16 студзеня спецыяліста з Інстытута мовазнаўства. Што ён будзе аналізаваць, застаецца таямніцай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.