На што хапае мамам дапамогі па доглядзе дзіцяці

На што хапае мамам дапамогі па доглядзе дзіцяці

З лютага ў Беларусі дапамога на дзяцей да трох гадоў павысіцца на 16 800 — 21 500. Пакуль што памер “дэкрэтных” на першае дзіця складае 2 433 тысячы. Пры гэтым толькі пачак падгузнікаў каштуе каля 260 000 — 330 000. На што хапае сённяшнім мамам грошай, якія яны атрымліваюць?

Маці ў дэкрэце Яна гадуе першае дзіця, якому цяпер паўгода. Набывае падгузнікі за 330 000, па 70 штук у пакунку. Трацяцца яны ў яе вельмі хутка, і за месяц ідзе крыху менш за 1,5 мільёна толькі на іх. Яна распавядае, на што яшчэ хапае дапамогі:

Яна: “Нам яшчэ трэба купляць розныя дзіцячыя пюрэшкі. Адзін слоічак каштуе прыкладна 10 000, а трэба пакуль што два на дзень. Дзіцячыя кашы — 30-40 тысяч за пакунак, але яго хапае надоўга. Розныя цацкі — гэта ўсё таксама вельмі дорага. Розныя масажы, прышчэпкі”.

Немаўляці, па словах Яны, патрэбна хаця б некалькі сеансаў масажу. Калі масажыст прыходзіць дадому, такі сеанс каштуе 10 долараў, як для дарослага. Тэарэтычна прышчэпкі можна рабіць бясплатна, але Яна кажа, што самі дактары не раяць. Лепей, кажуць, платны “Пентаксім”. Кожная з такіх прышчэпак каштуе амаль 700 000, а да года іх трэба зрабіць тры. 

“То бок калі ты хочаш падыходзіць пісьменна да таго, што трэба зрабіць для дзіцяці, ты будзеш усе дэкрэтныя выдаткоўваць на яго. Вядома, калі ёсць магчымасць. А калі магчымасці няма і трэба за гэтыя грошы яшчэ самому харчавацца, плаціць за кватэру… Я не ведаю, што людзі робяць”, — рэзюмуе Яна.

Іншай “дэкрэтніцы”, Вользе, дапамогі таксама хапае толькі на дзіця, але калі старацца эканоміць. На адзенне і цацкі, напрыклад, ужо не хапае:

Вольга: “Грошы, якія выдае нам дзяржава, — чыста для харчавання і асабістай гігіены”.

Але гэта толькі да года, пасля крыху лягчэй. Дзіцяці Вольгі год і два месяцы. Падгузнікаў за месяц цяпер, напрыклад, сыходзіць 2-2,5 пачкі за 260 000 і колькасцю 68 штук. Зрэшты, дапамога ў Вольгі больш высокая за стандартную дзякуючы “чарнобыльскім” даплатам:

Вольга: “Я атрымліваю 3 680 000, напэўна. Таму што прапісаная ў зоне адсялення, то бок чарнобыльскай”.

Што можна набыць дзіцяці за абяцаную з лютага даплату? Вольга кажа, што гэтага хопіць на мясную кансерву і слоік фруктовага пюрэ для дзяцей. На пачак дзіцячага печыва ці на паўпачка кашы ўжо не стае.

Дарэчы, з улікам таго, як раслі “дэкрэтныя” і цэны на пачак памперсаў (68 штук), можна падлічыць, што ўвесну 2015 года за дапамогу можна было набыць каля 11 пакункаў, у канцы лета — каля 10, увосень і цяпер — толькі каля 9.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі