На саміце G8 паспрачаюцца, каго ўзбройваць у Сірыі: паўстанцаў ці Асада

17 і 18 чэрвеня ў курортным мястэчку Лох-Эрн у Паўночнай Ірландыі адбываецца саміт Вялікай васьмёркі. Галоўная тэма мерапрыемства — канфлікт у Сірыі. Напярэдадні саміта прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмеран ужо паспелі абмеркаваць гэта пытанне.

"Мы абодва бачым, што там адбываецца гуманітарная катастрофа, мы бачым нестабільнасць і пагрозу экстрэмізму, і мы абодва хочам бачыць мірны працэс. Зараз наша задача складаецца ў тым, каб сфармаваць падчас саміту G8 агульную пазіцыю, якая дазволіла б здзейсніць пераход да міру", — так падвёў вынікі размовы Дэвід Кэмеран.

“Сірыйская дыскусія”, сапраўды, абяцае быць вельмі гарачай. Брытанскі палітык кажа, што адказнасць за кровапраліцце нясе прэзідэнт Сірыі Башар Асад. У той жа час расійскі мае крыху іншую пазіцыю ў сірыйскім пытанні. Ён перасцерагае Захад ад падтрымкі паўстанцаў, “якія не толькі забіваюць сваіх ворагаў, але разразаюць іх целы, з'ядаюць унутранасці на вачах публікі і перад камерамі”.

Уладзімір Пуцін: Вы хочаце гэтым людзям пастаўляць зброю? Ну, тады гэта, відаць, наўрад ці мае нейкае дачыненне да гуманітарных каштоўнасцяў, якія сотні гадоў прапагандуюцца ў Еўропе.

Наўрад ці расійскі прэзідэнт задаволены і рашэннем ЗША ўзбройваць паўстанцаў, якое было агучана пасля з'яўлення інфармацыі аб выкарыстанні сірыйскімі ўладамі хімічнай зброі.

Калі ж казаць пра прэзідэнта ЗША Барака Абаму, то да яго могуць узнікнуць пытанні, звязаныя са зборам амерыканскімі спецслужбамі звестак аб інтэрнэт-карыстальніках з усяго свету.

Таксама важнай тэмай на паўднёва-ірландскім саміце будзе стварэнне зоны свабоднага гандлю паміж ЕС і ЗША, якое доўгі час блакавала Францыя, але ўрэшце дазволіла працягнуць перамовы. Паводле патрабавання Парыжа перамоўшчыкі не атрымаюць мандата на абмеркаванне сфер кіно і медыя. Але Еўракамісія пакінула права пазней запытаць у краін ЕС пашыраны мандат на вядзенне перамоў з Вашынгтонам.

Парыж спрабуе захаваць дынаміку і маштаб творчага патэнцыялу і, што асабліва важна, абараніць культурныя каштоўнасці краіны”, — цытуе Financial Times міністра знешняга гандлю Францыі Ніколь Брык.

Акрамя вышэйзгаданых пытанняў, Дэвід Кэмеран плануе абмеркаваць ухіленне ад выплаты падаткаў вялікімі карпарацыямі, сума якога, згодна з некаторымі ацэнкамі, можа дасягаць 3 трыльёнаў долараў у год.

Нагадаем, што ў саміце Вялікай васьмёркі ў Паўночнай Ірландыі бяруць удзел кіраўнікі Германіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Канады, Японіі, ЗША і Расіі.

Фота: justmedia.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі