Бацька памерлага немаўляці: У медыцыне пануе беспакаранасць і закрытасць

Бацька памерлага немаўляці: У медыцыне пануе беспакаранасць і закрытасць

4 лютага ў Гомелі на пікет выйшаў Сяргей Башмур — бацька маленькага Мішы, які памёр у радзільні 28 чэрвеня 2017 года. Яго выступ адбыўся ў межах сустрэчы з выбарцамі кандыдата ў дэпутаты Юліі Ганісеўскай. 

"На ўласны мітынг мяне не пусцілі, — кажа ў размове з Еўрарадыё Сяргей Башмур. — Дагэтуль я звярнуўся ў гарвыканкам з заявай на правядзенне адзіночнага пікету. Праз 10 дзён мяне выклікалі туды, чакала камісія. Пачалі размаўляць, прасіць прабачэння. Але папярэдзілі, што калі выйду, то атрымаю 15 сутак ці штраф. А я чалавек законапаслухмяны. Не дазваляеце ўласны пікет — схаджу на пікет кандыдата. Гэта законам не забаронена".

Нованароджаны сын Сяргея і Таццяны Башмураў памёр у Гомельскай радзільні на шосты дзень жыцця. Дома браціка чакалі двое старэйшых дзяцей Башмураў. Згодна з медыцынскім заключэннем, прычынай смерці стала нявызначаная унутрывантробная інфекцыя. 

Па словах Сяргея, цяжарнасць жонкі праходзіла добра. Немаўля нарадзілася здаровым. Але ўвечары другога дня ў хлопчыка паднялася тэмпература. Дзіця забралі ў рэанімацыю. Маленькага Мішу паспелі пахрысціць.

Бацькі хлопчыка паўгода спрабуюць даведацца прычыну смерці сына. Яны звярталіся ў розныя інстанцыі, патрабуючы правесці разбіральніцтва, але марна. Выйсці на пікет гамяльчук наважыўся пасля таго, ак Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу па смерці хлопчыка. Згодна з праверкай — парушэнняў у дзеянняў дактароў не выяўлена.

"Маё дзіця не вернеш, але я хачу, каб іншыя не баяліся нараджаць. Хачу, каб гэта пачуў прэзідэнт, каб навёў парадак. Бо ў медыцыне пануе халатнасць, беспакаранасць і закрытасць. Я кажу, маўляў, гэта ж мае дакументы, тут пра хваробу майго дзіця, а яны: "Указ, прыказ, урачэбная таямніца". Гэтага не павінна быць",  — распавядае Башмур пра мэту сваёй акцыі пратэсту.

Па выніках экспертызы Следчы камітэт не знайшоў падставы для крымінальнай справы. Цяпер Сяргей Башмур напісаў заяву аб узнаўленні праверкі па факце смерці яго сына. 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі