На пажары з брэсцкай кавярні эвакуявалі больш за 40 чалавек (фота)
Позна ўвечары 15 лістапада (каля 23-й гадзіны) брэсцкія ратавальнікі атрымалі паведамленне пра пажар у кавярні "Харві" на вуліцы Савецкай. На месца здарэння ратавальнікі прыбылі праз шэсць хвілінаў і пабачылі моцнае задымленне.
Як адзначае прэс-служба МНС, на момант пажару ў кавярні былі пяць работнікаў, якія пакінулі памяшканне самастойна. Наведвальнікаў не было.
Над кавярняй "Харві" размяшчаецца грыль-бар "Карова", у якім былі людзі. Адміністрацыя ўстановы яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў эвакуявала 40 чалавек.
Агонь пашкодзіў фрыцюрніцу, кухоннае абсталяванне, сцены і столь кухні ды залы для наведвальнікаў задымленыя. Пацярпелых пры здарэнні няма.
Прычына пажару высвятляецца.
Фота: МНС