На Камароўцы затрымліваюць зборшчыкаў подпісаў за Ціханоўскую

Пікет на Камароўцы / Еўрарадыё
Пікет на Камароўцы / Еўрарадыё

7 чэрвеня на мінскай Камароўцы праходзяць пікеты вылучэнцаў у прэзідэнты Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Сяргея Чэрачня і Святланы Ціханоўскай. Рынкавая плошча паціху запаўняецца людзьмі, якія становяцца ў чэргі, каб паставіць свой подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата. На пляцоўцы адначасова праходзіць акцыя, на якой прысутнічае Павел Севярынец. Людзі скандуюць: "Свабоду Ціханоўскаму", "Салідарнасць".

Сябры каманды Святланы Ціханоўскай паведамляюць пра затрыманні. Так на пад'ездзе да Камароўкі затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Алег Баброўскі, які на бусе вёз сталы і намёты для пікета — яго спынілі супрацоўнікі ДАІ:

"Калі мы падыйшлі, я запыталася, што здарылася. Мне ніхто не адказваў. Алег адкрыў акно і сказаў, што заехаў пад знак, яго спыніла ДАІ і просяць выйсці з машыны. Сказалі, што будуць машыну забяраць з эвакуатарам, а яго павязуць у мясцовае РУУС. Мы вялі здымку. Нам сказалі, што вядзецца адміністратыўны працэс, і здымка забаронена. Алега забралі, машыну эвакуявалі разам з рэчамі", — распавяла радыё "Свабода" адна з прадстаўніц ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.

Апроч таго, адзін са зборшчыкаў подпісаў за Ціханоўскую зацягнуты ў сіні бус людзьмі ў цывільным. 

Каля Камароўкі — на вуліцы Кульман — заўважаныя аўтазакі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі