“На каго аформіць картку? Напішыце: “Іваноў Іван Іванавіч”

Перад Новым годам “Беларусбанк” пачаў выдаваць карткі на прад’яўніка. Імя і прозвішча ўладальніка на іх няма. А грошы, ведаючы нумар карткі і тэрмін прыдатнасці, можна пакласці з кожнага тэрміналу з cash-in. Высветліць, хто і для каго пералічвае сродкі, немагчыма.

 

 

“Пашпарт пры афармленні не абавязковы, — распавядаюць пра новую карту ў банку. — Гэта пэўны аналаг электронных грошай: звяртаецеся ў любое аддзяленне “Беларусбанка”, уносіце пэўную суму. Мінімум — 50 тысяч рублёў”.

Картка называецца “Падарункавая”. Яна сапраўды можа стаць выдатным падарункам. Для карупцыянераў. Падумайце самі: цяпер не трэба цягнуць у кабінеты да чыноўнікаў цяжкія партфелі. Грошы можна пакласці на ананімную картку, якую атрымальнік “падарунку” перадасць сваякам. Даказаць яго сувязь з карткай, таксама як і сувязь карткі з чалавекам, які яе аформіў, вельмі і вельмі складана.

“Напярэдадні святаў гэты прадукт быў вельмі запатрабаваны, — працягваюць распавядаць у “Беларусбанку”. — Таму мы нават не можам гарантаваць, што вы знойдзеце іх ва ўсіх аддзяленнях банка”.

Некалькі гадоў таму карткі на прад’яўніка былі ў Беларусі вялікай рэдкасцю. Іх афармлялі ў Польшчы ці ў Літве, каб прыхаваць пэўныя пералічэнні ад банкаўскай і падатковай сістэмаў. “Праблемаў з такой карткай ніколі не было, хаця грошы здымаў у беларускіх банкаматах”, — распавядае Еўрарадыё адзін з карыстальнікаў літоўскай карткі, які, натуральна, жадае захаваць ананімнасць.

З картай “Беларусбанка” такія штукі не пройдуць. “Безнаяўным шляхам папоўніць карту нельга. Можна перавесці грошы person to person — са сваёй карты на “Падарункавую”, — тлумачыць супрацоўніца банка. Але можна зрабіць і перавод праз тэрміналы з функцыяй cash-in — і тады ніхто не даведаецца, каму і за што вы такім чынам дзякуеце.

Адзінае абмежаванне: за раз на “Падарункавую” картку нельга пакласці больш за 30 базавых велічыняў (на 10 студзеня — 3 мільёны 900 тысяч), а зняць за суткі нельга больш за 90 базавых (на 10 студзеня 2014 — 11 мільёнаў 700 тысяч). Усяго праз картку можна правесці не больш за 999 базавых. Гэта амаль 130 мільёнаў, ці 13,5 тысяч долараў паводле сённяшняга курсу.

Еўрарадыё вырашае праверыць, ці сапраўды такую картку можна атрымаць ананімна ў Беларусі. Я кіруюся ў банк, нават не прыхапіўшы з сабой пашпарту. І ён не патрэбны! Картку афармляюць за некалькі хвілінаў. Што праўда, маё імя і прозвішча касірка спрабуе даведацца двойчы. Спачатку трэба назвацца і распісацца на бланку. Другі раз — для афармлення касавага ордару:

— Вашае прозвішча, імя і імя па бацьку?

— А хіба гэта трэба?

— Так, для афармлення аперацыі.

— Калі трэба, напішыце “Іваноў Іван Іванавіч”, калі ласка.

Касірка не пярэчыць. Менавіта так: Іваноў Іван Іванавіч — і напісана ў паперы, якую я атрымліваю ў банку разам з карткай.

Гэтаму абстрактнаму Іванову несалодка будзе ў падатковай: відаць, на яго ўжо аформленая не адна картка. Але застаецца яшчэ адзін нюанс, пра які распавядаюць у банку:

“Канчатковы карыстальнік мусіць паставіць на зваротным баку свой подпіс, і тым самым пацвердзіць сваё права на гэту картку”.

З толькі што атрыманай карткай іду ў краму і расплачваюся за піражкі без усякіх подпісаў. Суцэльная ананімнасць!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі