На другім паўфінале Emergenza наведвальнікі не дачакаліся канца (Фота)

2-га лютага ў клубе "Рэактар" прайшоў другі паўфінал беларускага адбору міжнароднага фестывалю Emergenza.  Гэтым разам удзел бралі маладыя прадстаўнікі цяжкой сцэны, лепшымі з якіх, паводле галасавання наведвальнікаў, сталі "Mechanical Heart" і "Marie Chante Quelle Elle Telephone". Нагадаю, што ў паўфіналах фестывалю даволі цікавы падыход да галасавання: пасля выступу гурта гледачы, калі ім спадабаўся калектыў, падымаюць рукі, колькасць якіх са сцэны падлічваюць арганізатары. І калі падчас першага паўфіналу, ні ў каго не ўзнікла прэтэнзій да такога падліку, то цяпер наконт аб'ектыўнасці з’явіліся пытанні.


Выступ гурта Kusudama




Справа ў тым, што наведвальнікі сыходзілі адразу пасля выступу іх улюбёнага калектыву, а таму бліжэй да канца мерапрыемства ў зале амаль не засталося людзей. Але па словах арганізатара Змітра Хламава, ніякіх ільгот для апошніх гуртоў падчас падліку не рабілася.

Зміцер Хламаў: "Фестываль праводзіцца ва ўсіх 25 краінах па адной сістэме, і мы яе не маем права змяняць. Тут вельмі шмат вырашае лёсаванне, вельмі не шанцуе першаму і апошняму гуртам. І зноў жа хачу сказаць, што мы робім рассылкі для ўсіх удзельнікаў Emergenza, дзе пішам, маўляў, калі ласка папярэдзьце сваіх прыхільнікаў, каб яны прыходзілі на першы гурт і заставаліся да апошняга. Бо толькі гэта гарантуе максімальную колькасць галасоў і перамогу".


Выступ "Mechanical Heart"




"Слэм" пад аднаго з пераможцаў другога паўфінала Emergenza

Зміцер дадаў, што з боку арганізатараў усё, што было абяцана, зроблена. Музыкі выступаюць на лепшай канцэртнай пляцоўцы, з лепшым абсталяваннем, а сам фестываль актыўна рэкламуецца.


Гурт "Marie Chante Quelle Elle Telephone"



Галасаванне за другога пераможцу

У прынцыпе, калі казаць шчыра, то натоўп пачаў разыходзіцца падчас выступу гурта "Phase Shift" - маладых, амбіцыйных хлопцаў, тэкст першай песні якіх выклікаў жартаўлівыя каментары з усіх бакоў залі. Сказаць, што ў музыкаў нізкі прафесійны ўзровень нельга, проста дзякуючы сваёй маладосці і адпаведных тэкстаў песень, яны не ўспрымаліся сур'ёзна. Праўда, варта падзякаваць іх прыхільнікам, відавочна, аднагодкам, яны засталіся да самага канца паўфіналу.


Гурт "Phase Shift"


Цікава, што некаторыя музыкі, якія не ўдзельнічаюць у фестывалі, але ходзяць паглядзець на калектывы, таксама не дачакаліся канца. Напрыклад, гітарыст гурта "Петля Пристрастия" Іван Сялішчаў, які прысутнічаў на абодвух паўфіналах, сышоў з канцэрта вельмі хутка, палічыўшы, што ўзровень выступоўцаў вельмі нізкі.


Гурт Weesp



Варта адзначыць, што танцпол ніколі канчаткова не пусцеў

Іван Сялішчаў: "Першы паўфінал быў значна больш вясёлы, чым другі. Хоць бы таму, што былі больш рознабаковыя гурты. Ну, і ўзровень выканаўцаў першага дня быў больш высокі, ва ўсялякім выпадку мне так падалося, але я ж прапусціў палову гуртоў, якія выступалі ў другім паўфінале".


3t.On


А вось гітарыст і басіст гурта "Жнюв" Аляксандр Семянюк і Зміцер Якута, засталіся да канца мерапрыемства і нават абралі сваіх фаварытаў.

Музыкі "Жнюв": "Першы дзень быў проста "выбух мозга". Старпёры, паслухайце што грае моладзь, вы зразумееце, што ўсё дарма! Ім на "Рок-кароны", на ўсе тэлебачанні прамая дарога. Другі дзень. Я люблю цяжкую музыку, але ў мяне вушы балелі. Насамрэч, тут таксама шмат адкрыццяў. Напрыклад, першая каманда грала складаны джаз, змяшаны з корам (першымі выступаў гурт Kusudama - заўв. Еўрарадыё). Прыемна, але непадрыхтаваны слухач можа стаць у тупік. Мы за яго прагаласавалі, але пакуль не зразумелі яго. На нашу думку, у фінал мусілі выйсці магілёўскія хлопцы "3t.On". Ну, а другое і трэцяе месца нашага ўласнага хіт-параду займаюць "Weesp" і "Клан" - прафесійна, прыгожа, клёва, дакладна, мясіста!".


Гурт Клан




Самыя сумленныя наведвальнікі засталіся да канца

Дададзім, што сам гурт "Жнюв" выступіць на фестывалі Emergenza ў трэцім паўфінале, які пройдзе 9 лютага ў тым жа "Рэактары". Таксама змагацца за выхад у фінал будуць гурты "Karavan", "Sang Sattawood", "Open Space", "The Fraiz", "Tesaurus" і "Lavatrina".

Квіткі каштуюць ад 10 да 20 тысяч.


Імёны пераможцаў слухалі ўжо адзінкі

Даведка "Еўрарадыё":
Emergenza - гэта музычны марафон, які праходзіць у больш чым 20 краінах свету: сотні тысяч музыкаў на тысячах канцэртаў граюць жывую музыку. Гэта найбуйнейшы міжнародны музычны фэст для пачынаючых і паўпрафесійных гуртоў. Фэст праходзіць ва ўсіх найбуйнейшых гарадах заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Удзел у ім могуць узяць гурты любой стылістычнай скіраванасці, якія выконваюць як свае ўласныя творы, так і каверы.

Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі