На час чэмпіянату мінскім кавярням дазволяць працаваць да 6 ранку

“У дні правядзення чэмпіянату будзе працягнуты рэжым працы стацыянарнай гандлёвай сеткі: для аб’ектаў грамадскага харчавання, кавярняў, бараў, рэстаранаў да 6 гадзін, за выключэннем тых, якія месцяцца ў жылых памяшканнях”, ― расказваюць Еўрарадыё ў аддзеле грамадскага харчавання Мінгарвыканкама.

Кавярні і рэстараны вырашаць самі, ці працаваць да ранку ў дні чэмпіянату. Цікавімся ў рэстаране “Ракаўскі бровар”, ці можна будзе засядзецца да ранку?

“1 траўня будзе пастанова, там будзе бачна. Прыблізна, да другой-трэцяй гадзіны будзем працаваць, гэта як мінімум. Цяпер ідуць узгадненні”, ― тлумачаць у рэстаране. Цяпер тут працуюць да поўначы.

У кавярні “Старае русла”, якая ля стадыёна “Дынама” шмат кліентаў уначы не чакаюць.

“Пакуль маштабных заказаў у нас няма, таму будзем глядзець, колькі будзе гасцей. Пакуль працуем у звычайным рэжыме”, ― адказваюць у кавярні. І абяцаюць, што кошты на спаборніцтвах задзіраць не будуць.

Па пятніцах і суботах тут працуюць да 3 ночы. У іншыя дні ― да гадзіны.

Не ведаюць, ці будуць працаваць уначы ў кавярні “Лідо”, абяцаюць вызначыцца пасля майскіх святаў.

“Мы у графіку нічога змяняць не будзем: як працавалі так і працуем”, ― анансуюць у кавярні “Фрэскі”, што на плошчы Свабоды. Тут працуюць у пятніцу і суботу да пяці ранку, у будні ― да гадзіны ночы.

Кавярня “Грунвальд” на Карла Маркса падчас чэмпіянату гатовая працаваць як звычайна, да 12-й гадзіны.

“І так персанал працуе па 16 гадзін, яны больш не вытрымаюць проста”, ― адказваюць у адміністрацыі.

Кавярня “Бульвар”, якая побач з метро Кастрычніцкая, рада б працаваць пасля апоўначы, але не можа.

“Мы ж у жылым доме, нам нельга. Таму будзе як звычайна, да 12 гадзіны”.

Нічога не могуць адказаць наконт начных пасядзелак і ў кавярні “Стары Менск” на праспекце Незалежнасці. Па пятніцах і суботах тут працуюць да 2 гадзіны ночы.

Чэмпіянат свету па хакеі пачнецца ў Мінску 9 траўня. Спаборніцтвы адкрыюцца матчам Беларусь-ЗША.

Фота: celebrities.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі