Вы тут

На БМЗ на металалом здалі імпартнае абсталяванне

Беларускі металургічны завод / cnb.by

Шкоду ў асабліва буйным памеры прычынілі прадпрыемству службовыя асобы аднаго з цэхаў Беларускага металургічнага завода. Як паведамляе Камітэт дзяржкантролю, яны здалі на металалом імпартнае абсталяванне, пастаўленае больш за 10 гадоў таму, але так і не ўсталяванае пасля завяршэння інвестыцыйнага праекта. 

Факты злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі выявіў Жлобінскі міжраённы аддзел упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці. 

Імпартная лінія для апрацоўкі труб была пастаўлена на БМЗ у 2007 годзе. Рабілася гэта ў рамках інвестпраекта па будаўніцтве трубапракатнага комплексу па вытворчасці бясшвовых гарачакачаных труб. Аднак абсталяванне так і заставалася на складзе. Узгадалі пра яго толькі праз 10 гадоў перад капітальным рамонтам трубапракатнага цэха.

У снежні 2018 года кіраўніцтва цэха аформіла фіктыўныя дакументы аб замене дзейнага абсталявання на імпартнае, атрыманае са склада. Фактычна ж дэмантаж "старога" і ўстаноўка "новага" абсталявання не рабіліся.

Імпартнае абсталяванне было разабранае і здадзенае на металалом. Прычым па дакументах гэты металалом утварыўся нібыта ад "старога" абсталявання, на якім тым не менш працягвалі працаваць.

Шкода ацэньваецца ў 173 тысяч рублёў. Пракуратура пачала крымінальную справу на пяць работнікаў цэха — ад начальніка да майстра.