Мытны камітэт штрафуе таму, што давярае?

Мытны камітэт штрафуе таму, што давярае?

Калі ў вас атрымалася правезці праз мяжу тавар, хоць рабіць гэта вы не мелі права без “выплаты мытных плацяжоў”, то вінаватыя ў гэтым усё адно будзеце вы. А не мытнік, які прапусціў вас з набытым за мяжой таварам. Менавіта гэта вынікае з адказу Дзяржаўнага мытнага камітэта на пытанні, агучаныя ў рэпартажы Еўрарадыё “Увёз з Польшчы тэлевізар, а праз год даведаўся, што вінны пошліну і пеню”.

Год таму жыхар Мінска Алег К. увёз тэлевізар LG, а днямі атрымаў ліст з Гродзенскай рэгіянальнай мытні. У паперы за подпісам намесніка начальніка мытні па эканамічнай працы Дзмітрыя Васільчыка сцвярджаецца: Алег “не выканаў абавязкі па выплаце мытных плацяжоў у дачыненні да тэлевізара”. Прасцей кажучы, тэлевізар каштаваў больш за 300 еўра, а перад гэтым Алег быў за межамі “мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза” 2,5 месяца таму. Адпаведна, везці такую дарагую рэч без растаможкі не меў права – тры месяцы з мінулай паездкі не прайшлі.

У ідэале як мусіла быць? Падчас мытнага дагляду мытнік мусіў звярнуць увагу Алега на “парушэнне”. Хлопец павінен быў на месцы (!) даплаціць адпаведныя мытныя плацяжы ― на 150 “лішніх” еўра. Пытанне знята!

Цяпер Алег абураецца. Маўляў, калі б яму на мытні сказалі, што ён мусіць нешта заплаціць ― заплаціў бы і паехаў далей з чыстым сумленнем. Але ніхто, па яго словах, яму нічога не сказаў: ён проста запоўніў мытную дэкларацыю і спакойна паехаў у Мінск. Каб праз год даведацца, што абавязаны не толькі заплаціць мытную пошліну на ўсю суму тэлевізара ― 335 рублёў 41 капейку мытных плацяжоў і яшчэ амаль 40 рулёў пені.

Афіцыйны каментар з Мытнага камітэта  Еўрарадыё атрымала сёння:

“Праца мытных органаў з фізічнымі асобамі грунтуецца на заяўным прынцыпе. Грамадзянін уласнаручна паказвае ў мытнай дэкларацыі найменне, колькасць, вагу і кошт тавараў, якія ён перамяшчае. Зыходзячы з названых фізічнай асобай дадзеных, мытным органам прымаецца рашэнне аб выпуску тавараў з выплатай або без выплаты мытных плацяжоў. Гэтаксама грамадзянін САМ паведамляе аб тым, калі ён апошні раз перасякаў мяжу, але ў далейшым дадзеная інфармацыя правяраецца, у тым ліку службовымі асобамі.

У адпаведнасці з заканадаўствам, мытныя органы маюць права ажыццяўляць постмытны кантроль у дачыненні да тавараў, увезеных на тэрыторыю ЕАЭС. У ходзе такіх праверак часам выяўляюцца факты парушэння нормаў і тэрмінаў, устаноўленых заканадаўствам”.

Алег сам пайшоў у чырвоны мытны карыдор, сам запоўніў дэкларацыю на тэлевізар – і ўсе адно закон парушыў. Мытнікам засталося только “прабіць” па базе, калі апошні раз гэты чалавек быў за мяжой, што яны не зрабілі.

Атрымліваецца, што мытнікі знялі з сябе ўсю адказнасць. Выявіцца, як у выпадку з Алегам і яго тэлевізарам, нешта падчас “постмытнай праверкі” і вінаватым застанецца грамадзянін з таварам ― ён падмануў даверлівага мытніка. А ў нас жа “заяўны прынцып”, людзям давяраюць. Толькі чамусьці пасля правяраюць і пеню налічваюць. Хоць, упэўніваюць у Мытным камітэце, здараецца такое рэдка, бо найчасцей ужо падчас мытнай праверкі высвятляецца ― калі чалавек на самой справе быў апошні раз за мяжой і што з сабой вёз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі