Мядзельцы сарвалі рэгіянальныя спаборніцтвы ў падкіднога дурня

Першынство рэгіёна па гульні ў падкіднога дурня не прайшло ў прызначаны дзень у Маладзечанскім брыдж-клубе. Пра падрабязнасці распавядае наш карэспандэнт Зміцер Панямонаў:

Вінаваўцамі зрыву турніру сталі аматары падкінуць дурня іншым з Мядзела. Як стала вядома, спаслаўшыся на дрэнную арганізацыю і тое, што аб даце правядзення першынства ім паведамілі толькі за некалькі дзён да яго, мядзельцы адмовіліся прыехаць у Маладзечна.


Дарэчы, першынство рэгіёна па гульні ў падкіднога дурня праходзяць ужо на працягу 6 гадоў. Штогод на яго збіраецца каля 50 аматараў гэтай гульні з Маладзечна, Мядзела і Валожына. Прызавы фонд складае прыблізна 300 тысяч рублёў.


За ўвесь час, упершыню турнір не адбыўся ў вызначаны дзень. Зараз вядуцца перамовы аб прызначэнні іншай даты яго правядзення і высвятляецца, што насамрэч стаіць за адмовай мядзельцаў прыехаць: дрэнная арганізацыя, памер прызавога фонду альбо штосьці іншае.