Вы тут

Мы ладзім цырк: пра што гаварыла ўдава Бандарэнкі па тэлефоне ў сюжэце Азаронка

Скандальнае расследаванне або спроба паднесці ўсё з выгаднага боку? / Еўрарадыё

Увечары 25 лістапада на тэлеканале СТБ выйшаў рэпартаж праўладнага прапагандыста Рыгора Азаронка пра справу забітага на "Плошчы Перамен" Рамана Бандарэнкі. Сярод іншага ў сюжэце прагучала прыватная тэлефонная размова жонкі памерлага. Дзяўчына размаўляла з невядомым мужчынам, і частка размовы была паднесеная аўтарам рэпартажу ў негатыўным ключы. Маўляў, насамрэч Раману Бандарэнку "палітыканскія падонкі" рыхтавалі ролю новага Джорджа Флойда — афраамерыканца з ЗША, забітага паліцэйскімі. А сям'я з цырымоніі развітання зладзіла "цырк" для ўсёй краіны.

Адкуль у дзяржканала з'явіўся запіс размовы — не ўдакладняецца. Таксама не гаворыцца, ці вялося праслухоўванне афіцыйна і хто дазволіў выкласці яго ў адкрыты доступ: жонка Бандарэнкі такой згоды не давала.

— Жонка Ромы размаўляла са сваім сябрам, яны сябруюць сем'ямі. У сваіх словах пра тое, што будзе "цырк", яна мела на ўвазе, што, калі людзі вялікай масай прыйдуць развітацца, яна баялася, што з боку сілавых структур могуць прыгнаць вадамёты, што могуць прыехаць бусікі і пачнуць затрымліваць і біць людзей. Яна баялася, што развітанне з Ромам можа ператварыцца ў жорсткае затрыманне вялікай колькасці людзей. Натуральна, усё гэта было сказана на эмоцыях, — расказвае пра змест размовы Вольга Кучарэнка — сястра Рамана.

Артыкул 28 Канстытуцыі гарантуе права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на таямніцу карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў. Ці ведаюць пра гэта на дзяржТБ?

Сям'я Рамана Бандарэнкі ўжо падала заяву ў міліцыю па факце праслухоўвання. Заявы складзеныя па артыкуле 28 Канстытуцыі РБ, па артыкуле 18 закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі" і артыкуле 9 Канвенцыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб правах і асноўных свабодах чалавека.

Вольга кажа, што раней яна не разумела, чаму за ёй і мамай Рамана вядзецца сачэнне. Пасля выхаду сюжэта стала зразумела.

— Я не бачу нагод і падставы для праслухоўвання. Я задаюся пытаннем: з якой ласкі яны гэта робяць, хто гэта робіць. Хто гэту інфармацыю падаў у СМІ — таксама вялікае пытанне, таму што гэта парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, — працягвае Вольга. — Наконт інцыдэнту з праслухоўваннем — заява пададзена. Спачатку ў РУУС, а далей ужо паглядзім. З'язджаць з краіны не планую, пакуль што непасрэднай небяспекі для свайго жыцця я не бачу. Натуральна, калі за маёй цёткай і мной было актыўнае непрыхаванае сачэнне, мы адчувалі сябе вельмі некамфортна. Мы не разумелі, для чаго гэта робіцца, а цяпер ужо трохі становіцца ясна: яны [прапагандысты. — Еўрарадыё], напэўна, сюжэты хочуць ствараць.

Сястра Рамана Бандарэнкі Вольга / Еўрарадыё

У цэлым "расследаванне" Азаронка было прысвечана таму, ці быў Раман Бандарэнка п'яны падчас затрымання. Вольгу абурае, што прадстаўнікі ўлады разам са СМІ так актыўна напіраюць на пошук слядоў алкаголю ў аналізах Рамана замест таго, каб расследаваць злачынства.

Згодна з пастановай Савета Міністраў №497 аб парадку правядзення агляду, стан алкагольнага ап'янення — гэта наяўнасць абсалютнага этылавага спірту ў крыві ці паветры, якое выдыхаецца, у канцэнтрацыі 0,3 і больш праміле або наяўнасць пароў абсалютнага этылавага спірту ў канцэнтрацыі 150 і больш мікраграмаў на адзін літр паветра, якое выдыхаецца.

Калі абапірацца на пастанову Савета Міністраў, то факт знаходжання чалавека ў стане алкагольнага ап'янення ўстанаўліваецца наяўнасцю алкаголю ў крыві ці паветры, якое выдыхаецца, — а не ў мачы, сліне і іншых "біялагічных асяроддзях". Спадарожныя аналізы ўсяго толькі гавораць пра тое, што абследаваны мог ужываць алкаголь за некалькі дзён да агляду.

— Нават калі абстрагавацца ад выпадку з Ромам: калі ў чалавека выяўлены ў крыві, у мачы, у сліне, у парах і гэтак далей этанол — гэта дае падставу забіваць чалавека? Я ведаю дакладна, што ён не быў п'яны. Я так разумею, што яны спрабуюць сказаць, што, раз у аналізах нешта выяўлена, гэта дало падставу забіць яго? Чаму яны спрабуюць даказаць, што Рома быў п'яны? — здзіўляецца Вольга. — Калі б ён быў п'яны настолькі, каб прызнаць яго стан абцяжарвальнай акалічнасцю, то ў аналізах крыві было б напісана не "0", гэта сто адсоткаў. Для мяне гэта проста нейкае непаразуменне, я не разумею, навошта яны чапляюцца за мачу, сліну і гэтак далей.

У "расследаванні" Азаронак спрабуе пераканаць тэлегледача, што, зрабіўшы развітанне з Раманам публічным, сама Вольга, "мадэльер", хацела хайпануць. Вольга кажа, што захаваць пахаванне брата ў таямніцы было немагчыма:

— Падзея рэзанансная, яна вельмі ярка і востра асвятляецца ў СМІ, і таму рабіць з гэтага нейкае таемнае пахаванне, нікому не паведаміўшы, — нам гэта таксама здавалася дзіўным.

Крымінальная справа ў сувязі са смерцю Рамана Бандарэнкі дагэтуль не заведзеная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.