“Мы і так ледзь выжываем”: чаму частцы грамадства не патрэбная свабода?

“Мы і так ледзь выжываем”: чаму частцы грамадства не патрэбная свабода?

Брытанскі цэнтр Chatham House правёў вялікае даследаванне наконт стаўлення беларусаў да пратэстаў, да Аляксандра Лукашэнкі і ўвогуле да геапалітычных падзей. Якія вынікі можна падвесці ўжо цяпер?

— Падчас даследавання мы пабачылі, што ў Беларусі ёсць два грамадствы, якія паміж сабой мала чым звязаны, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё супрацоўнік Chatham House Рыгор Астапеня. — Напрыклад, у людзей, якія лічаць, што Святлана Ціханоўская атрымала больш за 50 адсоткаў на мінулых выбарах, і ў тых, хто лічыць, што яна набрала меньш за 50, мы запыталіся, чаму яны так лічаць. Мы пабачылі, што людзі, якія лічаць, што Ціханоўская набрала значна больш за 50, адмежаваныя ад групы людзей, якія думаюць цалкам наадварот. Яны лічаць так таму, што ў іх за Ціханоўскую галасавала шмат сяброў, яны бачылі шмат бюлетэняў “гармошкай”, бачылі шмат людзей на вуліцах і гэтак далей.

З другога боку, калі мы пыталіся ў людзей, якія лічаць, што Ціханоўская набрала шмат менш за 50 адсоткаў, мы пабачылі, што гэтыя людзі таксама адмежаваныя ад групы, якая галасавала за Святлану Ціханоўскую. Пры гэтым яны часта скочваюцца да абразаў. Некаторыя здзіўляюцца і на пытанне, чаму Ціханоўская набрала менш, адказваюць, напрыклад, “Таму што яна жанчына, і яна не можа кіраваць краінай”.

Гэта досыць дзіўныя адказы, але мы зрабілі крок далей і паглядзелі, якім чынам гэтыя дзве групы спажываюць інфармацыю. Людзі, якія існуюць у пратэсным асяродку, і так званыя прыхільнікі Лукашэнкі існуюць у розных інфармацыйных прасторах. Узровень таксічнасці і непрыняцця аднаго другім дасягнуў такога ўзроўню, што досыць складана ўявіць сабе, як бы мог выглядаць дыялог паміж рознымі бакамі.

— Грамадства зараз выглядае так: прыхільнікі пратэстаў — 36 адсоткаў, прыхільнікі Лукашэнкі — 28 адсоткаў, і ёсць група пасярэдзіне, так званыя нейтралы, якія складаюць 36 адсоткаў, — працягвае аналітык. — Гэта даследаванне, якое робіцца праз анлайн-панэль сярод гарадскіх жыхароў, таму трэба ўлічваць, што, хутчэй за ўсё, мы памыляемся на некалькі адсоткаў не на карысць Аляксандра Лукашэнкі.

А як гэтыя дзве часткі грамадства ацэньваюць колькасць і вагу сваіх груп?

— Таксама мы бачым тое, што прыхільнікі пратэстаў аперуюць больш-менш адэкватнымі лічбамі — і гэта не “97 адсоткаў”. Калі мы пытаемся аб тым самым у прыхільнікаў Лукашэнкі, то мы бачым, што яны перабольшваюць свой памер у грамадстве ў два разы.

Менавіта гэта даследаванне мы называем “Рэха-камеры беларускага грамадства”. Можна назваць гэта “інфармацыйныя бурбалкі”.

“Мы і так ледзь выжываем”: чаму частцы грамадства не патрэбная свабода?
Прыхільнікі пратэстаў / Еўрарадыё

Ці можна дагрукацца да тых, хто існуе ў “інфармацыйных бурбалках” з боку Лукашэнкі? Ці магчымы кампраміс?

— Я думаю, трэба разумець, што ёсць частка людзей, якім немагчыма нічога давесці, — гаворыць эксперт пра прапагандыстаў і тых, хто асабліва моцна трапіў пад іх уплыў. — Функцыя таго ж Мукавозчыка ў тым, каб быць Мукавозчыкам, а інакш ён бы не быў так моцна патрэбен рэжыму. Але такія людзі не абавязкова адлюстроўваюць усіх прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Усё ж такі гэтыя людзі розныя. Нават сярод іх можна адшукаць людзей, якія неяк інакш глядзяць на справы.

Мяркуючы па даследаванні, сярод “лукашэнкаўцаў” і “нейтралаў” хапае тых, каму нейкія там свабоды не асабліва патрэбныя. Чаму так і што гэта за людзі?

— Уявіце сабе чалавека, якому 45 гадоў, ён скончыў ССУ, працуе на нейкім заводзе і, умоўна, атрымлівае 700 рублёў заробку. У гэтага мужчыны ёсць партнёр, які зарабляе прыкладна столькі ж, у іх ёсць дзеці і гэтак далей, — прыводзіць прыклад Рыгор Астапеня. — Калі мы прыходзім да іх і кажам: “Ведаеце, трэба шырокія эканамічныя санкцыі, каб зрынуць Лукашэнку”. Гэтыя людзі адкажуць: “Мы і так ледзь выжываем, мы не гатовыя перайсці да такіх дзеянняў”. Уявіце, што гэтыя людзі два месяцы не атрымаюць заробак — яны стануць на мяжу выжывання. І калі глядзець з гэтага боку, то можна пабачыць нейкае рацыянальнае зерне ў іх словах. Калі мы ўлічым усе гэтыя фактары, то, можа, і сапраўды свабода для гэтых людзей з’яўляецца выклікам.

Даследаванне праведзена. Дык чаго насамрэч хочуць беларусы? Што далей?

— Мы бачым, што стаўленне да санкцыяў падзяляе грамадства. Стаўленне да БЧБ-сцяга таксама з’яўляецца не такім простым. Варта ўлічваць гэтыя ды іншыя разнастайнасці меркаванняў у беларускім грамадстве. Па факце ўсе беларусы хочуць зменаў. Варта ўсведамляць гэтыя погляды, калі палітычныя актары будуць прымаць нейкія далейшыя рашэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі