Вы тут

МВФ раіць павысіць пенсійны ўзрост у Беларусі

pixabay.com

Насельніцтва краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы за бліжэйшыя 30 гадоў прыкметна скароціцца, у адрозненне ад краін Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амерык. Пра гэта гаворыцца ў чарговым дэмаграфічным дакладзе, які падрыхтавалі эксперты МВФ, піша TUT.by.  

Прычынай называюцца нізкая нараджальнасць і міграцыя ў Еўропе. У сувязі з гэтым МВФ рэкамендуе дэмаграфічныя рэформы, у тым  ліку і для Беларусі.

Скарачэнне колькасці насельніцтва, па словах экспертаў, цягне тры адмоўныя наступствы. Па-першае, гэта кепска паўплывае на эканамічны рост, узровень жыцця і фінансавую стабільнасць. Па-другое, пры старэнні насельніцтва вырасце ціск на ахову здароўя і пенсійныя сістэмы. Па-трэцяе, старэнне насельніцтва паўплывае на прадукцыйнасць эканомікі.

Для кожнай краіны эксперты МВФ прапаноўваюць свае меры. У прыватнасці, для Беларусі рэкамендуюць найперш павысіць пенсійны ўзрост.

"Рэформа пенсійнага ўзросту, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца большасці краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы, але асабліва мэтазгоднай яна будзе ў Беларусі, Малдове, Расіі, Турцыі ды Украіне як з пункту гледжання колькасці працоўнай сілы, так і з пункту гледжання фінансавай устойлівасці", — гаворыцца ў дакладзе.

Акрамя таго эксперты МВФ рэкамендуюць беларускім уладам звярнуць увагу на працоўную занятасць жанчын, а таксама людзей, старэйшых за 55 гадоў. Апошняя мера, на думку экспертаў, магла б быць вельмі эфектыўнай: "Беларусь атрымала б значную выгаду, калі б павысіла занятасць людзей старэйшага ўзросту нават без павышэння пенсійнага ўзросту".

Яшчэ ў 2016 годзе МВФ настойліва рэкамендаваў беларускім уладам працягнуць пенсійныя рэформы, каб пасля 2022 года ліквідаваць пенсійны разрыў. Эксперты фонду раілі ўзняць пенсійную планку і для мужчын, і для жанчын да 65 гадоў.

Больш важных падзей у праграме «Петарда»