“Мутнаевока”: Сучасны рамантызм як альтэрнатыва “Чарнобыльскаму шляху”

26 красавіка. Тэатр эстрады. Сцэна. Мікрафон, увіты ружамі. Ля яго Яўген Змушка — “Мутнаевока” дае вялікі канцэрт пад назвай “Маімі вачыма”. Сідзячая зала. Напружаны відэашэраг. Постмадэрнізм чыстай вады.

“Маімі вачыма” планавалася як даволі сур’ёзная праграма, — распавядае пасля канцэрта Яўген Змушка. — Краналася тэма Чарнобыльскай АЭС, выкладаліся фотаздымкі на гэтую тэму. Я збіраўся больш размаўляць з публікай, зачытваць маналогі. Але ў апошні момант я падумаў, навошта ўсе гэтыя размовы? Гэта рок-н-рол! І трэба граць. Людзі прыйшлі паслухаць твае песні, а не паслухаць, як ты размаўляеш”.

І “Мутнаевока” гралі. Гралі і цалкам новыя, нікім не чутыя, і напісаныя даўно, але прайшоўшыя шмат інтэрпрытацый песні. “Мутныя вочы”, “Саўндтрэк”, “Разрыва you”, “Пошлы glamour”, “Твой абанет”, “Сэрца стук”. Песні пра супярэчлівасць асобы, развясёлы і выдатны настрой, той, што малінавы…

“Яны крутыя! Яны лепшыя! — перабіваюць адна адну дзе дзяўчыны з ліку гледачоў. — Гэта першы рок-гурт, які я пачула, на беларускай, роднай мове. Так, вельмі падабаецца, што менавіта па-беларуску спяваюць — ну, неяк наша культура ўсё ж. Не так шмат у нас гуртоў, якія спяваюць па-беларуску. Мы ганарымся тым, што нават нашым равеснікам падабаецца іх мова выканання. Вельмі смелыя хлопцы. Яны лепшыя!”

26 красавіка. Зала Тэатра эстрады запоўненая на траціну. Трубы і дым глядзяць на публіку з відэашэрагу. Яўген чытае вершы Алеся Тутэйшага, якія “акурат да месца”.

“Замест Чарнобыльскага шляху, мы хацелі, каб моладзь прыйшла на канцэрт у канцэртную залу, паслухала музыку, падзялілася думкамі — можа, каго нешта звязвае з гэтай датай, — разважае Яўген. — А не тое, каб яны проста хадзілі па плошчы, а потым станавіліся знянацку зняволенымі, як гэта ў нас звычайна атрымоўваецца. Некаторае кола людзей ўсё ж атрымалася прывабіць”.

Дарэчы, анансаванай акустыкі ў “Мутнагавока” не атрымалася. Ад яе, смяецца Яўген, засталіся толькі акустычная гітара і крэсла. І просьба публікі задавальняецца — цяпер яна танчыць, а Яўген вырабляе свае фірмовыя, эксцэнтрычныя выкрутасы пад надрыўныя мелодыі.

“Я ведаю гэты гурт ужо дастаткова даўно, і другі раз прыязджаю з Масквы на іх канцэрт у Мінск. — здзіўляе прыхільніца Маргарыта. — Мне складана сфармуляваць, чым мяне вабіць гэты гурт. Гэта музыка блізкая мне ўнутрана. Яна рэзануе, кранае важныя струны ўнутры”.

Канцэрт “Маімі вачыма”, запэўнівае Змушка, гэта рэпетыцыя новага альбома “Мутнагавока”, запіс якога пачнецца летам. Музыка кажа, што гурт пасталеў, аднак дух яго застаўся нязменным:

“Канцэпцыя вымалёўвалася цягам апошні паўтарох гадоў. Трэба было нам крыху адпачыць, таму што мы такі экстрымальны гурт. І шмат энергіі аддаем, і мала што атрымліваем узамен. Патрэбнае было натхненне. Трэба было ператасаваць некаторыя думкі, стаць больш дарослым, зразумець, што табе трэба ад музыкі і ад жыцця. Але, як вы паспелі заўважыць, мы не сталі больш лагоднымі, спакойнымі, не селі на крэсла. Каб граць блюз. Мы ўсё тыя ж буйныя рамантыкі сучаснага рамантызму”.

Зусім новая “Вось мая восень”… І на біс .

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі