Гурт “Мутнаевока” выпускае другі альбом (відэа са студыі)

Шчыра прызнаемся: злавіць лідара “Мутнага вока” Яўгена Змушку — тая яшчэ задача. Тым больш, калі гурт засеў у студыі, каб нарэшце прыступіць да запісу свайго другога альбома. Прыкладна з пятай спробы мы ўсё ж далі рады датэлефанавацца да “няўлоўнага” музыканта і нарэшце сустрэцца з ім у студыі. На жаль, на гэты момант усе інструменты ўжо запісаныя, ды і запіс вакалу падыходзіць да завяршэння. Яўген працуе ў студыі сам-насам з гукарэжысёрам Анатолем і доўга абмяркоўвае дэталі, праслухоўваючы апошнюю запісаную “дарожку”.

“Гэта літаральна апошнія дні нашай працы ў студыі, ужо амаль усё зроблена”, — кажа Яўген ды накіроўваецца да мікрафона, каб яшчэ раз праспяваць “Драпежную котку”. — “Запішы яшчэ раз, можа, нават лепей атрымаецца”.

Што праўда, Яўген — музыка патрабавальны, як да сябе, так і да іншых удзельнікаў каманды. Ён уважліва ўслухоўваецца ў кожную ноту ўжо запісанага матэрыялу і пасля робіць нататкі на лістах з раздрукаванымі тэкстамі песень. Адзін з такіх лістоў дастаецца нам на памяць — на ім побач з прыпевам пазначана: “перапісаць гітарнае сола, перагруз”.

За гітару ў камандзе адказны Васіль Ярмоленка. Разам з басістам Аляксандрам Ільіным і, уласна Яўгенам Змушкам, гэтая “троіца” — нязменны склад каманды на працягу ўсяго існавання. А вось  з бубначамі гурту не так шанцуе — за чатыры гады, што прайшлі паміж запісам дэбютніка “Пошлы гламур” і працай над другім альбомам, гурт змяніў ажно 6 ударнікаў! Цяпер месца за бубнамі ў гурце заняў Аляксандр Кавалёў, вядомы па працы з камандай “Разбітае сэрца пацана”. Да таго ж да каманды далучыўся клавішнік Кірыл Тараненка. Як тлумачыць Яўген, і перапынак у студыйнай працы, і змены ў гурце пайшлі “Мутнамувоку” на карысць:

“Мутнаевока” — гэта сям’я, мы займаемся толькі музыкай, прынамсі, я і Васіль. А ўвогуле, падчас напісання “Пошлага гламура” мы вялі вельмі жорсткі лад жыцця. Мы былі як такія Sex Pistols, якія выпусцілі “Never Mind the Bollocks”, і ўсё на гэтым, за усю гісторыю панк-рока Sex Pistols. Канешне, гэта ні ў якім разе нас не апраўдвае, але за гэты час назбіраўся матэрыял, які апраўдае ўсе гады бяздзеяння, я спадзяюся. Хоць музыканты і крыўдзяцца на мяне за гэты перапынак”.

Назву будучага лонгплэя музыкі пакуль вырашылі не раскрываць, бо “яшчэ будзе папярэдняя рэклама, акцыя, агітацыя і г.д”

“Ды і навошта вам цяпер гэта ведаць? — смяецца Яўген Змушка. — Адно толькі магу сказаць, што назва будзе ўсім вядомай і вельмі  канцэптуальна звязанай з матэрыялам. Што, уласна, і патрабуецца ад назвы”.

Тыя, хто сачыў за актыўнай канцэртнай дзейнасцю “Мутнага вока” у апошнія месяцы, ужо паспеў паслухаць некалькі кампазіцый будучага альбома падчас выступаў. На пласцінцы змесцяцца 13 трэкаў ды эпілог, які мусіць падвесці да адной з тэмаў альбома. Змест эпілога пераклікаецца з кампазіцыяй “Жывыя мішэні”. Што тычыцца агульнай канцэпцыі лонгплэя, Яўген рашуча акрэслівае яе тэмамі свабоды, кахання, веры і незалежнасці, якія музыкі ўздымалі яшчэ ў дэбютным альбоме.

“Ад свайго стылю мы не адступілі, не змянілі сабе, андэграўнду, — тлумачыць Яўген. — Мы яго ўдакладнілі, развілі і самі развіліся ў ім, як мне падаецца, у лепшы бок. Мне здаецца, што нашы песні сталі больш ёмкімі, асэнсаванымі, нясумнымі. Будуць і лірычныя, і жорсткія кампазіцыі. І нават мантры-развагі пра рэлігію, але не назойліва, таму што з гэтым нельга перабольшваць”.

Акрамя гэтага, у новым альбоме музыкі спрабуюць больш выразна правесці тонкую лінію паміж імкненнем сумяшчаць мэйнстрым з панк-рокам, спробы якой былі і ў “Пошлым гламуры”.

У хуткім часе “Мутнаевока” праанансуюць будучую пласцінку выхадам сінгла ды здымуць кліп на адну з кампазіцый. Рэліз альбома запланаваны на канец сакавіка, а канцэртная прэзентацыя ў Мінску — на травень гэтага года. Пасля гурт плануе тур у падтрымку альбома па гарадах Беларусі, Польшчы і Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі