МУС знайшло "дзіркі" ў беларускім інтэрнэт-банкінгу

МУС знайшло "дзіркі" ў беларускім інтэрнэт-банкінгу

Міністэрства ўнутраных спраў разаслала ў банкі ліст, у якім рэкамендавала павысіць бяспеку сістэмы "інтэрнэт-банкінг" і прыняць шэраг мер у гэтым напрамку. Пра гэта піша сайт tut.by

МУС адзначае, што летась рэзка вырасла колькасць крадзяжоў з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі. Напрыклад, у 2017-м было зафіксавана 2318 такіх выпадкаў, а ў 2018-м — ужо 3585. Пры гэтым больш стала крадзяжоў з дапамогай несанкцыянаванага доступу да сістэмы інтэрнэт-банкінгу. Па такіх выпадках праваахоўнікі пачалі шэраг крымінальных спраў.

Пацярпелымі ад дзеянняў зламыснікаў міліцыянты называюць кліента такіх банкаў, як "Белаграпрамбанк" і "БПС-Сбербанк". 

Часцей за ўсё зламыснікі карыстаюцца замежнымі IP-адрасамі — гэта значыць, што знаходзяцца за мяжой або выкарыстоўваюць сродкі ананімнасці. Злачынцы здабываюць паролі з дапамогай фішынгавых паведамленняў, падробленых інтэрнэт-сайтаў або шкодных праграмаў. Часам паслуга інтэрнэт-банкінгу кліентам была не патрэбная, а навязвалася самімі банкамі. Пры гэтым супрацоўнікі банкаў усталёўвалі рэквізіты доступу, якія не адпавядаюць правілам інфармацыйнай бяспекі.

МУС рэкамэндавала банкам павысіць бяспеку сістэмы інтэрнэт-банкінгу. Напрыклад, міліцыянты просяць забараніць ставіць простыя паролі (у тым ліку пароль, аднолькавы з імем карыстальніка), выключыць магчымасць рэгістрацыі кліентаў з аднолькавымі імёнамі карыстальнікаў у рамках аднаго банка. Таксама прапануецца усталяваць па змаўчанні доступ да кабінета карыстальніка толькі з беларускіх IP-адрасоў і абавязковую змену паролю пры першым уваходзе ў кабінет карыстальніка.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 21.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі