Вы тут

МУС: жыхар Смалявічаў рабіў спробу самагубства яшчэ 16 верасня

У Смалявічах мужчына падпаліў сябе каля міліцыі / Кадр з відэа

36-гадовы жыхар Смалявічаў, які падпаліў сябе каля аддзялення міліцыі, стаіць на ўліку ў медыцынскай установе, паведамляе прэс-служба МУС.

Як распавядала Еўрарадыё, здарэнне адбылося сёння прыкладна апоўдні. Мужчына прыйшоў да Смалявіцкага РАУС, выліў на сябе бензін з каністры і падпаліў. Агонь на ім пагасіў супрацоўнік міліцыі, які выбег з будынка. Паведамлялася, што мужчыну шпіталізавалі з апёкамі 90% цела. 

"Вядома, што ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў, таксама выказваўся пра спробы суіцыду. Некалькі дзён таму мужчына тэлефанаваў у міліцыю з паведамленнем, што ён на могілках зводзіць рахункі з жыццём. Праваахоўнікі выехалі туды і прадухілілі яго дзеянні", — заяўляе прэс-служба МУС.

У прэс-службе Следчага камітэта дадаюць, што ў 2016 годзе мужчына лячыўся ў сувязі з псіхічным захворваннем і схільнасцю да суіцыдаў. У СК дадаюць, што і сёння перад тым, як спаліць сябе, мужчына пазваніў у дзвярны званок РАУС і паведаміў пра свой намер. 

МУС размясціла ў інтэрнэце відэа гэтай трагедыі (строга 18+).

Дарэчы, людзей, якія ўчынілі спробу суіцыду, у Беларусі накіроўваюць на спіхіятрычнае абследаванне. Чаму жыхар Смалявічаў праз два дні пасля такой спробы заставаўся без медыцынскай дапамогі, незразумела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.