МУС: Новыя легальныя наркотыкі з'яўляюцца ўвесь час

"Спайсы" забаранялі ў Беларусі ўжо тры разы. Першы — 31 ліпеня 2009 года: тады ў спіс унеслі толькі два псіхатропныя рэчывы, а калі ён набыў моц 1 студзеня 2010 года, з'явіліся іншыя курыльныя сумесі — з новымі, ужо легальнымі, рэчывамі. Таму давялося папаўняць спіс яшчэ два разы. 28 сакавіка года туды занеслі яшчэ 25 рэчываў, а 20 жніўня — яшчэ 21. Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавёў супрацоўнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Сяргей Сідаровіч. Паводле яго словаў, попыт на такую прадукцыю вялікі, таму пастаянна з'яўляюцца новыя легальныя наркотыкі.
Сяргей Сідаровіч: "Навука не стаіць на месцы. На сёння мы ўнеслі ў спіс тое, што ведаем, але заўтра адназначна будуць з'яўляцца новыя сінтэтычныя канабіноіды, якіх няма ў спісе. Людзі не хочуць патрапляць пад адказнасць, легальныя наркотыкі карыстаюцца попытам, таму будуць шукаць шчыліны і прывозіць новыя, якіх няма ў спісе. Але мы не спыняемся на гэтым, і пры выяўленні будзем уносіць болей. Сінтэтычных канабіноідаў у тэорыі сотні, а ў нас у спісе — 48. Пашыраць спіс да сотняў няма сэнсу. Мы трымаем руку на пульсе, і тое, што будзе з'яўляцца, мы будзем заносіць".
Фактычна прадаўцы "спайсу" маюць магчымасць сыходзіць ад закону, пакуль новыя віды псіхатропаў не занеслі ў спіс. Але яны падпадаюць пад адміністратыўную адказнасць за нелегальную прадпрымальніцкую дзейнасць.
Апошнім часам з'явіліся зусім новыя наркотыкі, так званыя солі для ваннаў — па сутнасці, легальны аналаг какаіну альбо амфетаміну.
Сяргей Сідаровіч: "Гэта ўжо досыць новы від — парашок. Мы яго адносім да новых наркотыкаў. Актыўнае дзеючае рэчыва — параметылафедрон. Парашок пачаў з'яўляцца ў студзені. Моцны стымулятар. Эфект падобны да какаіну ці амфетаміну. У краінах-удзельніцах Інтэрпола сталі больш частымі атручванні, ёсць смяротныя выпадкі".
Цяпер парашок "Крысталіус" і ягоныя аналагі ўключылі ў спіс забароненых у Беларусі, але на сайтах ужо з'явіліся новыя наркотыкі. Як кажуць прадаўцы, яшчэ больш моцныя і не забароненыя ў Беларусі.
З большага ўжывае такія наркотыкі моладзь.
Сяргей Сідаровіч: "У асноўным, новыя наркотыкі распаўсюджваюцца ў моладзевым асяродку, бо рэкламуюцца толькі праз інтэрнэт. Залежныя людзі, хворыя, яны ўжываюць тое, што і раней. У асноўным, легальныя наркотыкі распаўсюджваюцца ў буйных гарадах, больш за ўсё ў Мінску і Гомелі".
Што праўда, набыць легальныя наркотыкі стала больш складана. Яшчэ ўвесну было мноства сайтаў, якія прапаноўвалі курыльныя сумесі. Цяпер жа карэспандэнту Еўрарадыё знайсці наркотыкі праз інтэрнэт не ўдалося. Большасць тэлефонаў адключаныя, а астатнія кажуць, што мы памыліліся нумарам.
Сяргей Сідаровіч: "Мы такімі захадамі збілі жаданне людзей, якія хацелі зарабляць грошы. За 8 месяцаў гэтага года канфіскавана 8 кілаграмаў "спайсаў" у суме. Напрыклад, за той жа перыяд мы канфіскавалі 7 кілаграм амфетаміну і амаль 80 кілаграм марыхуаны".
Дарэчы, 8 кілаграм спайсаў канфіскавалі ўжо пасля таго, як яны трапілі пад забарону. Дагэтуль міліцыянерам трапляліся "гандляры" з партыямі ў 15 кілаграм. Але пакараць іх можна было толькі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.
Сёння, нягледзячы на вялікую колькасць крымінальных справаў, па "спайсах" вынесена толькі тры прысуды. Адзін з іх, самы жорсткі, шырока вядомы: мінскага студэнта асудзілі на 8 гадоў за продаж курыльных сумесяў.
Сяргей Сідаровіч: "А вось за захоўванне ёсць яшчэ два прысуды, і там атрымалі невялікія тэрміны пакарання. Прычым не звязаныя з пазбаўленнем свабоды — а толькі з абмежаваннем волі".
Сяргей Сідаровіч мяркуе: прысудаў так мала, бо суддзі не спяшаюцца з ацэнкай і намагаюцца больш дэталёва разглядаць такія новыя для Беларусі справы.
Сяргей Сідаровіч: "Гэтае пытанне трэба больш суддзям задаваць. Але я думаю, што не спяшаюцца з вынясеннем прысудаў, бо гэта ўсё вельмі новае, і калі прысуды пойдуць, адваротнага шляху ўжо не будзе. Аднак я ўпэўнены, што па ўсіх крымінальных справах прысуды будуць вынесеныя".
За незаконны абарот псіхатропных рэчываў 328-ы артыкул Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне ад абмежавання волі да пазбаўлення свабоды тэрмінам да 15 гадоў. Аднак той, хто сам здаў наркотыкі і дапамагаў следству, вызваляецца ад адказнасці. Праўда, пакуль што ў Беларусі такіх выпадкаў не было.
Як змагацца з наркотыкамі, Еўрарадыё пацікавілася ў жыхароў Мінска:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі