Мур: Мы не галасавалі супраць таго, каб даць Беларусі яшчэ мільярд крэдыту

Сёння, 7 ліпеня, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур вяртаецца на радзіму. У сваім апошнім беларускім інтэрв’ю дыпламат распавёў Еўрарадыё пра тое, што змяніў візіт кангрэсменаў у Мінск, як ЗША галасавалі ў МВФ па крэдытах Беларусі і ці залежыць вяртанне амерыканскіх дыпламатаў у Мінск ад скасавання “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”. Спадар Мур, гады вашай працы ў Беларусі прыпалі на бурныя часы — прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, санкцыі з боку ЗША, выгнанне амерыканскіх дыпламатаў з Беларусі. Ці адновіць амбасада ЗША сваю працу ў поўным аб’ёме, ці пачнуць выдаваць візы ў Мінску цяпер, калі паміж нашымі краінамі распачынаецца новы, спрыяльны дыялог?

Джонатан Мур: “Мы хацелі б працаваць у поўным аб’ёме. Гэта адна з нашых задач, але гэта не задача першай важнасці.

Амбасада працуе, гэта ясна ў любым выпадку. Я ганаруся, што мы паспелі шмат зрабіць, нават маючы толькі 5 дыпламатаў. Раней было да 35! Але, як я ўжо казаў, для нас больш важнае пытанне: “Колькі ў Беларусі палітзняволеных?” — чым пытанне: “Колькі ў нас працуе дыпламатаў?”.

У кантэксце візаў — на жаль, у нас няма магчымасці дапамагаць беларусам з візамі. Толькі ў экстраных выпадках”.

Шматлікія эксперты звязвалі гвалтоўнае скарачэнне амбасады ЗША ў Мінску з прыняццем “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”. Ці магчымае скасаванне ці паслабленне гэтага акту пасля “абнулення” адносінаў Беларусі і ЗША?

Джонатан Мур: “Нашая пазіцыя такая: ніякай сувязі няма. Дарэчы, як вы ведаеце, у беларусаў няма аніякіх абмежаванняў у Амерыцы. Можаце
паслаць да 100 дыпламатаў у Вашынгтон, у Нью-Ёрк — калі ласка, праз суткі дамо візы.

10 маіх калегаў былі названыя персонамі non grata. Але ніводнага беларускага дыпламата не выкінулі з Амерыкі.

Акт — гэта толькі меркаванне Кангрэса. Гэта не інструкцыя для прэзідэнта, паводле якой неабходна зрабіць тое, тое і тое! Але Акт падтрымала большасць сенатараў і кангрэсменаў у Палаце прадстаўнікоў. 397 было “за” і толькі 2 — “супраць”.

У Акце шмат пра санкцыі, але два гады пасля ніякіх санкцый не было, яны пачаліся толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Таму пытанне санкцыяў — гэта асобнае пытанне.

За апошнія гады таваразварот паміж Беларуссю і ЗША скараціўся на 40%. З якімі пажаданнямі ўваходзяць у новы дыялог з ЗША нашы дыпламаты?

Джонатан Мур:
“Беларусь хацела знайсці больш рэсурсаў, крэдытаў з розных крыніцаў. Наш адказ — у нас няма зараз магчымасці крэдытаваць Беларусь, але калі крэдыт патрэбны — лепш атрымаць яго ў МВФ.

Дарэчы, ЗША граюць сваю ролю ў гэтым працэсе. У нас ёсць голас у МВФ. І, дарэчы, толькі некалькі дзён таму, 29 чэрвеня, мы не галасавалі супраць. Першы раз галасавалі супраць выдаткавання $2,5 млрд. А зараз не галасавалі супраць таго, каб дадаць да іх яшчэ $1 млрд”.


Нягледзячы на тое, што час у апошні дзень у Беларусі для спадара Мура быў вельмі дарагі, ён прысвяціў карэспандэнтам Еўрарадыё амаль паўтары гадзіны.

Неўзабаве чакайце поўную версію інтэрв’ю з цяпер ужо былым часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Джонатанам Мурам,  які праз месяц адпачынку зойме пасаду намесніка пасла Злучаных Штатаў у Босніі.

Фота: naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі