Вы тут

Можам выйсці на 2000 хворых у суткі — медык пра сітуацыю з COVID у Беларусі

У мінскай інфекцыйнай бальніцы зараз занятыя амаль усе койкі​ / sb.by

Трэцяя хваля COVID-19 у Беларусі толькі набірае абароты. Яе развіццё крыху адстае па часе ад таго, што адбываецца ў свеце, дзе колькасць хворых дасягнула піка, заявіў у інтэрв'ю "СБ. Беларусь Сегодня" галоўны інфекцыяніст Мінска Святаслаў Вельгін.

"Пакуль прырастаем павольна, але няўхільна — колькасць інфіцыраваных дасягнула прыкладна 57% ад піка другой хвалі. Баюся прагназаваць, але, мне здаецца, вяснова-летні сезон не пройдзе лёгка", — сказаў Вельгін.

З улікам сусветных тэндэнцый колькасць хворых у Беларусі, паводле яго слоў, "можа пераваліць за дзве тысячы чалавек у суткі".

Гэтага сцэнара можна пазбегнуць, калі строга выконваць меры прафілактыкі: не наведвать людныя месцы, трымаць дыстанцыю і насіць маскі.

Вельгін распавёў і пра асаблівасці захворвання ў трэцюю хвалю — з такім беларускія медыкі раней не сутыкаліся.

"Цяпер бачым не толькі паразы лёгкіх, але і энцэфаліты, міякардыты, мультысістэмныя сіндромы, калі пакутуе ўвесь арганізм. Увогуле, мы з такімі клінічнымі праявамі яшчэ не сутыкаліся" — адзначыў спецыяліст.

Святаслаў Вельгін / БЕЛТА

Больш стала цяжкіх пацыентаў. Далёка не ўсе яны, па словах Святаслава Вельгіна, "паспяваюць ачуняць за 10-12 дзён у стацыянары, некаторым трэба знаходзіцца пад наглядам медыкаў месяц і больш". Сталыя людзі з спадарожнымі захворваннямі — артэрыяльнай гіпертэнзіяй, атлусценнем, дыябетам — па-ранейшаму хварэюць цяжка.

"Дарэчы, паўторныя выпадкі заражэння таксама ёсць — мы думалі, што ў другі і наступныя разы віруснае захворванне будзе пераносіцца лягчэй, але аказалася, гэта не так", — адзначыў галоўны інфекцыяніст Мінска.

У гарадской інфекцыйнай бальніцы, дзе Вельгін працуе намеснікам галоўнага лекара, цяпер занятыя амаль усе ложкі: у аддзяленнях з каранавірусам знаходзяцца 110 чалавек, 7-8 стабільна ў рэанімацыі.

Казаў Вельгін і аб вакцынацыі. На яго думку, гэта адзіны спосаб спыніць пандэмію.

"Ёсць паспяховы вопыт барацьбы з воспай, калі прышчэпка дазволіла цалкам спыніць цыркуляцыю віруса. Вядома, мы спадзяемся на калектыўны імунітэт", — сказаў ён.

Спецыяліст нагадаў, што для фарміравання калектыўнага імунітэту вакцыну павінна атрымаць мінімум 60% насельніцтва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.