Morfe "Ziziaq"

120518 Agljadacha.mp3

За гэты час гурт перажыў пэўныя трансфармацыі як у складзе каманды, так і ў гучанні. Нават назва гурта змянілася! Тужлівыя мелодыі Morfe Acoustic Band засталіся ў мінулым. "Ziziaq" гурта Morfe – гэта зусім іншая музыка. Разам з электроншчыкам Віталем Гармашом музыкі прыдумваюць свой стыль з чыстага аркуша - як у плане музычнага светаадчування, так і ў плане саўнда. Значную ролю ў запісе альбома сыграў і саўндпрадзюсер Андрэй Жукаў, вядомы па супрацоўніцтве з гуртамі Ляпис Трубецкой, Drum Ecstasy і этна-трыа Троiца.


Паколькі, як сцвярджаюць самі музыкі, Morfe – не вядомы вялікаму колу людзей, пласцінка "Ziziaq" мусіць стаць тварам каманды. Што ж, паспрабуем зазірнуць ў вочы на гэтым твары.


"Да гэтай працы ўсе, што мы рабілі, было пошукамі, спробамі, памылкамі, – распавядае Еўрарадыё перкусіяніст і кампазітар Аганэз Аванесян, які і заснаваў гурт у 2007 годзе. - Мы гралі розную музыку, у тым ліку, і не сваю. І вось зараз, дзякуючы гэтаму досведу, мы прыйшлі да гэтага гучання і гэтага матэрыялу".


Зараз загадкавая і таямнічая музыка шаманаў Morfe – гэта ф’южн, букет з джаза, фолка і авангарда, прыпраўлены народнымі матывамі Арменіі. На гэта, безумоўна, перш за ўсе паўплывалі карані лідара каманды Аганэза Аванесяна, які нарадзіўся ў Ерэване і пражыў там 12 гадоў. Так дзве кампазіцыі пласцінкі навеяныя народнай армянскай музыкай, дзе праглядаюцца адразу некалькі меладычных ліній. Гэта трэкі "Come in Zana" і "Apricot".


Паколькі важная роля ў кожнай кампазіцыі "Ziziaq" адводзіцца кларнету і кантрабасу, гэта можа выклікаць у слухачоў стэрэатыпныя асацыяцыі з клезмерскай музыкай. Яшчэ ў часы Morfe Acoustic Band аматары творчасці гурта часцяком адзначалі ноткі трагічнасці і сапраўднага габрэйскага суму ў кампазіцыях каманды. Але музыкі Morfe перасцерагаюць – не шукайце ў "Ziziaq" містычную габрэйскую мелодыку змяшаную з рытмамі сучаснага свету. Нават калі некаторыя кампазіцыі маюць востры прысмак і адценне музыкі клезмераў у спалучэнні з блізкасходнімі водарамі і пачуццёвымі рытмамі.


За ёю наступае магутная як плынь, "Temptation" з выразным спружыністым сола кантрабаса, а віртуознае сола кларнета надае кампазіцыі вастрыню, што прымушае мелодыю заіскрыцца нечаканымі гранямі. Экспрэсіўная манера ігры Morfe, нечаканыя змены тэмпу, паскарэнні і запавольванні, імправізацыі значна павышаюць эмацыйны ўплыў гэтай кампазіцыі, ды і ўсяго альбома, ствараючы своеасаблівы музычны дыялект - незразумелы да канца, а ад таго нейкі цікавы і блізкі.


Альбом вылучаюць цудоўна сыграныя інструментальныя партыі, а кампазіцыя пласцінкі расцягваюцца на 6-7 хвілін. Ды і ўвогуле, "Ziziaq" варта паслухаць нават хаця б за тое, што ў ім ёсць кампазіцыя, якая сапраўды апякае - "The Sun", сапраўднае сэрца пласцінкі. Менавіта гэты трэк першапачаткова мусіў даць назву і ўсяму альбому. Але ў апошні момант музыкі пабаяліся, што "сонечная" назва "навяжа" слухачам асацыяцыі з рэгі-музыкай і таму адмовіліся ад гэтай ідэі.


"The Sun" можна слухаць бясконца. Як і шматаблічнае Сонца, кампазіцыя атрымалася насычанай –  музыка "The Sun" перадае шалёную энергію касмічнага сонца з яго ультрафіялетам, магутнасцю, сілай гэтай Зоркі. Таямнічая, гулкая, зацягваючая субстанцыя "The Sun" выслізгвае ад адзначэнняў, але абавязкова накіруе вас у тую самую нязведаную далёкую атмасферу.


Завяршае маляўнічую карціну нечаканы "эфірны" штрых у выглядзе кампазіцыі "Universe". Далучыцеся і вы да Сусвету Morfe!

На альбоме не хочацца абысці ўвагай ні адну кампазіцыю. У выніку "Ziziaq" – выдатная калекцыя выбраных кампазіцый, якая стане для слухачоў, незнаёмых з гэтым музычным накірункам, сапраўдным адкрыццём.


Зараз гурт Morfe шукае магчымасці выдання "Ziziaq" на замежных лэйблах. А пакуль што альбом можна спампаваць на Thankyou.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі