Ці ёсць "рука Масквы"? Чаму ў Малдове ўспыхнулі пратэсты
![Паліцыя прыбірае намётавы лагер / gagauzinfo.md](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/1665982892_62a8d526-68ba-4018-a8fb-086ff4468b10.jpg.webp?itok=eM84Zcf7)
Паліцыя прыбірае намётавы лагер / gagauzinfo.md
Намётавыя мястэчкі, пратэсты, сутыкненні з паліцыяй — вы маглі і не ведаць пра тое, што ўсё гэта гэтымі днямі адбываецца ў Кішынёве, але кадры адтуль выклікаюць "беларускія флэшбэкі". А чаму пратэстуюць малдаване? Еўрарадыё расказвае пра акцыі ў Малдове.
ЗаШОРаным позіркам
Аснова пратэстоўцаў — прыхільнікі партыі "Шор", створанай палітыкам Іланам Шорам. Гэты персанаж цікавы: некалькі гадоў таму яго абвінавацілі ў крадзяжы мільярда долараў з малдаўскіх банкаў, і ён нават атрымаў прысуд — але ў часе абскарджання змог схавацца за мяжу. Да самога спадара Шора мы яшчэ вернемся.
![Есть ли "рука Москвы"? Почему в Молдове вспыхнули протесты](/sites/default/files/styles/round_photo/public/paragraphs/round_photo/1397093617_0_146_2808_1726_600x0_80_0_0_dc035c7c02f8552707742df641650a59.jpg.webp?itok=tUEaYCrz)
Пратэсты пачаліся амаль месяц таму — у дзень, калі прэзідэнт краіны Мая Санду паляцела ў Лондан удзельнічаць у пахаванні каралевы Лізаветы II. Мэты ўдзельнікі мітынгу не хавалі: яны патрабуюць адстаўкі ўрада і прэзідэнта, а таксама датэрміновых выбараў у парламент.
Галоўным трыгерам стаў рост цэн на газ. Шор пачаў раскручваць гэтую тэму сур'ёзна: яшчэ летам сябры яго партыі ляталі ў Маскву, а цяпер ён пачаў заяўляць, што Малдове трэба новы ўрад, здольны дамовіцца з Расіяй пра нізкія цэны.
З 18 верасня ў скверы перад малдаўскім парламентам быў усталяваны намётавы лагер. У нядзелі праводзіліся мітынгі, але сур'ёзнага развіцця падзей не было. Урад не рэагаваў на патрабаванні пратэстоўцаў, а Санду абвінаваціла ўдзельнікаў акцый у фінансаванні "з украдзенага Іланам Шорам з бюджэту мільярда долараў".
Таксама Санду заяўляла, што яе адстаўкі патрабуюць "зладзеі", якія супраціўляюцца рэформе юстыцыі.
Разагналі, але не да канца
Новы паварот у сюжэце з пратэстамі адбыўся ў апошнія выходныя: паліцыя разагнала намётавае мястэчка. Уся рэч у тым, што мітынг у нядзелю доўжыўся больш за чатыры гадзіны, а, як піша ZDG, Камісія па надзвычайных сітуацыях усталявала менавіта такі максімальны тэрмін для акцыі з блакаваннем дарог.
![Есть ли "рука Москвы"? Почему в Молдове вспыхнули протесты](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/311576242_669802161175961_592730.jpg.webp?itok=lJ7tK4V5)
У выніку намётавы лагер разабралі, пасля сутыкненняў некалькіх чалавек затрымалі. На гэтым пратэст не скончыўся: проста людзі перабраліся ў парк каля Опернага тэатра.
Кадры адтуль разлятаюцца прыгожыя, асабліва па прапагандысцкіх тэлеграм-каналах: маўляў, вось вам і Еўропа. Ды толькі, як яшчэ ў верасні высветлілі журналісты, многім удзельнікам мітынгаў плацяць і ў Кішынёў іх літаральна прывозяць з іншых рэгіёнаў краіны.
Наўрад ці пратэсты на гэтым этапе падтрымлівае большасць малдаван. Прынамсі, у верасні рэйтынгі даверу яшчэ ўзначальвала Санду. Аднак на другім месцы быў арыштаваны экс-прэзідэнт Ігар Дадон, на трэцім — Шор. Апошнімі днямі Дадон усё часцей выступае ў падтрымку пратэстоўцаў. Так што гісторыя яшчэ не скончаная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.