Moby з Arctic Monkeys не могуць стаць добрай нажыўкай для беларускага слухача

Пра тое, на чыю карысць робяць свой выбар беларускія меламаны і чаму да нас не прыязджае Placebo чытайце ў размове з дырэктарам прома-групы “12 дзюймаў”, якая ладзіць паездкі на польскі фестываль Хайнекен Оўпэнэр, Змітром Шапялевічам.
Еўрарадыё: Зміцер, з-за адсутнасці буйнога фестывалю ў Беларусі пачатак ліпеня прымушае нас ліхаманкава выбіраць паміж расійскім “Нашествием” і польскім “Хайнекенам”. Што людзі абяруць больш ахвотна?

Зміцер Шапялевіч: Хутчэй за ўсё людзі азіраюцца на кашалёк. Калі б гэта было больш даступна, выбіралі б, безумоўна, Хайнекен.

Планы палякаў пераўтварыць свой Оўпэнэр у новы “Sziget” бачныя, паводле словаў Змітра, няўзброеным вокам.

З кожным годам фестываль становіцца больш “масцітым”, а праграма – больш шчыльнай. У гэтым годзе я быў, наогул, прыемна здзіўлены: палова лайнапу мне была цікавая, ў першую чаргу, канешне, Placebo. На пытанне, што перашкаджае прывезці гэты гурт у Беларусь, Зміцер адказаў, што адсутнасць грошай і належнай пляцоўкі:

Зміцер Шапялевіч: Акрамя стадыёна “Дынама” (адкрытай пляцоўкі, дзе не ўгадаеш з надвор’ем) у нас няма залі, дзе можна б было сабраць вялікую колькасць людзей і зладзіць падобны канцэрт. Сёлета павінна адчыніцца “Мінск-Арэна” – нешта накшталт маскоўскага “Алімпійскага”, тады, пэўна, і распачнуцца нейкія рухі ў гэты бок.

Іншай нашай праблемай з’яўляецца адсутнасць спонсараў. Зміцер прывёў яшчэ адзін прыклад – кошт квітка на буйны ўкраінскі фестываль (каля 5 долараў).

Зміцер Шапялевіч: Арганізатары “падсілкоўваюцца” за кошт спонсараў, за іх кошт можна зрабіць больш танныя квіткі і сабраць яшчэ больш людзей.

За некалькі гадоў арганізацыі паездкі на Оўпэнэр, прома-група “12 дзюймаў” сабаку з'ела на гэтам мерапрыемстве, але 2009 год дыктуе свае ўмовы, і Moby з Arctic Monkeys не могуць стаць добрай прынадай для беларускага слухача. Напрыканцы зімы “12 дзюймаў” атрымалі вельмі шмат заяваў ад тых, хто збіраецца наведаць Хайнекен Оўпэнэр Фэстываль, але паступова колькасць ахвотнікаў пачала змяншацца, і ўжо на пачатку чэрвеня не засталося амаль нікога. Паездку прыйшлося адмяніць.

Зміцер Шапялевіч: Тур адмянілі з-за таго, што зараз у людзей не вельмі добрае фінансавае становішча, і мы проста не назбіралі неабходную колькасць жадаючых, каб адправіць нават невялічкі аўтобус.

Еўрапейскае радыё паспрабавала даведацца, як арганізатары Оўпэнэра дапамагалі беларускаму боку.

Зміцер Шапялевіч: На жаль, ніяк. Апроч таго, мы сутыкнуліся з такой сітуацыяй, што прыйшоўшы ў амбасаду з інтэрнэт-білетам, чалавек атрымоўваў адмову ў візе.

Тым не менш, “12 дзюймам” удалося дапамагчы некалькім дзесяткам чалавек паехаць у Гдыню індывідуальна, і ў наступным годзе Зміцер апускаць рукі не збіраецца:

Зміцер Шапялевіч: Наступным летам мы падрыхтуемся больш дасканала, пачнём рыхтавацца раней. Бо сёлета выйшла неяк спантанна… Канешне, будзем шукаць шляхі дамовіцца з амбасадай, нейкія іншыя магчымасці.

Тых, у каго ўсё ж атрымалася выбрацца на балтыйскае ўзбярэжжа Польшчы, нам застаецца толькі павіншаваць. Але ўсіх астатніх Еўрапейскае радыё паспрабуе метадам тэлепартацыі перанесці ў Гдыню і паглыбіцца ў вір фестывальнага жыцця на Оўпэнэры-2009. Раніцай у 11:00 і ўвечары а 21 гадзіне слухайце ўключэнні з аэрадрома “Бабі Долы” ў жывым эфіры нашага радыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі