Вы тут

"Млявапраяўная шызафрэнія": работнік ЗАЭС пра падключэнне да Расіі і акупацыю

Запарожская АЭС / infoatom.news

Запарожская АЭС не можа працаваць на Расію. Пакуль для гэтага няма тэхнічных магчымасцяў, расказвае Еўрарадыё работнік станцыі.

Пра планы Расіі прадаваць Украіне яе ж электраэнергію з акупаванага расіянамі Энергадара заявіў віцэ-прэм'ер Расіі Марат Хуснулін 18 траўня.

— Калі энергасістэма Украіны будзе гатовая прымаць і аплачваць, значыць, будзе працаваць на Украіну. Не будзе прымаць — значыць, будзе працаваць на Расію, — сказаў Хуснулін.

Аднак Запарожская АЭС падключаная да ўкраінскай энергасістэмы. Для таго каб яна працавала на Расію, таксама трэба падключэнне, якога няма.

— Фізічна гэта немагчыма. Патрэбныя правады, якія ідуць у Расію, а іх няма. Можа, яны што-небудзь ды прыдумаюць. Паглядзім, — кажа работнік станцыі Мацвей (імя змененае).

В. а. прэзідэнта Энергаатама Пётр Коцін таксама лічыць, што пакуль пераключыць Запарожскую АЭС на іншую энергасістэму немагчыма.

Ратавальнікі Энергадара выйшлі на пратэст у падтрымку выкрадзенага начальніка / тэлеграм-канал Дзмітрыя Арлова

Сітуацыя ў акупаваным горадзе няпростая, але людзі трымаюцца і нават працягваюць выходзіць на пратэсты.

— Абстаноўка — млявапраяўная шызафрэнія. Народ адаптуецца да новых умоў жыцця, а так больш-менш нармальна, не лічачы вайны, — кажа Мацвей.

Раніцай 20 сакавіка ратавальнікі Энергадара зладзілі акцыю пратэсту праз тое, што расіяне выкралі начальніка першага Дзяржаўнага пажарна-выратавальнага атрада Віталя Траяна. Меркавана яму прапаноўвалі працаваць пад расійскім сцягам, але той адмовіўся. У адказ на мірны пратэст у падтрымку Траяна людзей збіваюць, таксама пашкоджваецца пажарна-выратавальная тэхніка, паведамляе мэр Энергадара Дзмітрый Арлоў.

Выкраданне Траяна далёка не першае ў Энергадары. Таксама ў жыхароў горада правяраюць тэлефоны і сацсеткі.

— Калі нешта знойдуць, то мінімум доўгая гутарка з асабістамі, могуць пасадзіць у падвал, — кажа Мацвей.

Хоць у планах акупантаў перайсці на расійскі рубель, людзі разлічваюцца грыўнямі. З гандлем стала туга.

— Ежа, усё ёсць. Ужо ў асноўным усё расійскай вытворчасці. Цэны ў два з паловай — тры разы вышэйшыя. Сеткавыя крамы ўсе закрытыя. Вярнуліся дзевяностыя: увесь гандаль на рынку з-пад крыса. За грыўні.

Горад Энергадар, дзе знаходзіцца Запарожская АЭС, акупаваны расіянамі 4 сакавіка.

Па звестках Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі, Расія хоча правесці ў Энергадары рэферэндум, каб далучыць Запарожскую АЭС да Расатама і знішчыць энергасістэму Украіны.

Нягледзячы на спробы стварыць бачнасць падтрымкі расійскай акупацыі, жыхары Энергадара з самага пачатку выходзілі на пратэсты і працягваюць рабіць гэта нават пад рэпрэсіямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.