Вы тут

Новая пагроза для АЭС і "гуманітарка пад сцягам "аквафрэш": як жыве Энергадар

Запарожская АЭС / infoatom.news

Калі пачнуцца баі ля Запарожскай АЭС, усё можа скончыцца ядзернай катастрофай, расказвае Еўрарадыё работнік станцыі Мацвей (імя змененае). Ён знаходзіцца ў акупаваным украінскім горадзе Энергадар.

Раней Мацвей расказваў, што праз перабоі з электрычнасцю можа спыніць работу сістэма ахаладжэння на АЭС. Тады Еўропу чакае новая Фукусіма. "Энергаатам" зноў папярэджвае пра небяспеку знаходжання расіян на АЭС.

— Самае страшнае, што праз баявыя дзеянні могуць перабіць дзве лініі электраперадач, якія засталіся, і АЭС застанецца без электрычнасці. Побач ідзе лінія фронту, і ўвесь час нешта пашкоджваюць з камунікацый. У цэлым на станцыі пакуль без змен, — расказвае Мацвей.

На прахадной украінскіх работнікаў усё яшчэ сустракае Расгвардыя. На вуліцах можна адносна спакойна хадзіць, але калі ў Энергадары пачынаюцца мітынгі, то іх жорстка разганяюць, адзначае суразмоўнік.

Разгон мітынгу ў Энергадары / pravda.com.ua

— Актывістаў спрабуюць лавіць. Ужо амаль тыдзень праблемы з інтэрнэтам. Для хатніх жывёл няма корму, даводзіцца карміць чым давядзецца. Вельмі праблемна дастаць аўтамабільнае паліва. Вялізныя чэргі і цэны. Даюць [паліва. — Еўрарадыё], як правіла, па 20 літраў у рукі. Дзеці не ходзяць у школу.

Оркі раздаюць гуманітарку, незразумела, якая з іх наша, а якая — іх. Але раздаецца яна пад сцягам "аквафрэш". Глядзець, як наш народ яе грабе, вельмі брыдка. Пры ўмове, што гуманітарнай катастрофы няма. Радуе тое, што гэта не большасць. У астатнім асаблівых праблем няма, калі не лічыць велізарных чэргаў усюды і адсутнасці наяўных.

Запарожская АЭС і горад Энергадар захопленыя расіянамі 4 сакавіка. З пачатку баявых дзеянняў ля Запарожскай АЭС "Энергаатам" і работнікі станцыі папярэджваюць, што гэта можа абярнуцца ядзернай катастрофай, якая закране не толькі Украіну.

Запарожская АЭС мае чатыры лініі высокага напружання, якія дазваляюць падтрымліваць сістэму ахаладжэння. За час вайны тры лініі былі пашкоджаныя. Адна з іх адноўлена. Цяпер станцыя падключаная да дзвюх ліній высокага напружання. Таксама ёсць адна рэзервовая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.