Вы тут

"Бюракратычны футбол": як чыноўнікі студэнта з пікетам туды-сюды пасылалі

Ілюстрацыйнае фота / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Студэнт-завочнік магістратуры Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта Антон вырашыў зладзіць 22 жніўня ўзгоднены пікет супраць новага закона аб прызыве ў войска. Згодна з беларускім заканадаўствам нават дзеля адзіночнага пікетавання трэба падаць заяўку ў выканкам, заключыць платныя дамовы з міліцыяй, медыкамі, ратавальнікамі і “Зялёнбудам”. 

Да 21 жніўня дамовіцца ў яго атрымался з Мінгарвыканкамам і ўсімі службамі, акрамя “Зялёнбуда”. І тут ён трапіў у пастку: “Зялёнбуд” не адказвае, дамова не падпісаная, а без яе мерапрыемства будзе несанкцыянаваным. А заяўку на адмену пікета трэба падаць не пазней чым за два 2 дні да запланаванай даты, або трапіш пад артыкул 23.34 КаАП і атрымаеш да 30 базавых штрафу ці да 15 сутак арышту.

Як магістранту ўдалося выкруціцца? Ці атрымалася ў яго правесці пікет? Калі не, то ці давядзецца плаціць штраф?

“Зялёнбуд”, адміністрацыя раёна, “Зялёнбуд”, выканкам, “Зялёнбуд”...

“Спачатку я датэлефанаваўся да намесніка дырэктара “Зялёнбуда” Цэнтральнага раёна, — распавядае Еўрарадыё Антон. — Той мне сказаў, што я павінен ім нейкі ліст даслаць і наогул трэба тэлефанаваць у адміністрацыю раёна, а яны ўжо самі з імі звяжуцца. На наступны дзень на ўсялякі выпадак спачатку тэлефаную юрысконсульту “Зялёнбуда”. Там далі нумар, на які я ўчора тэлефанаваў. Там ужо ніхто не падымае. Патэлефанаваў начальніку ўпраўлення ідэалагічнай работы Цэнтральнага раёна. Ён сказаў, што яны ўжо адсылалі апавяшчэнні “Зялёнбуду”, але сказаў, што яшчэ раз звяжацца з юрысконсультам. Тэлефаную потым юрыстконсульту “Зялёнбуда”, яна кажа званіць на нумар, які ўжо давала. А там на працягу гадзіны не падымаюць, хоць і тэлефаную кожныя 10 хвілін. Пікет мусіў адбыцца ўжо на наступны дзень”.

Каб тэрмінова адмяніць пікет, Антон пазваніў намесніку начальніка аддзела грамадска-масавай работы Мінгарвыканкама, але там слухаўку не здымалі — спрацоўваў аўтаадказчык. У выніку паведамленне пра адмову правядзення пікета ён кінуў проста ў паштовую скрыню для карэспандэнцыі выканкама.

Пазней студэнту ўсё ж такі патэлефанавалі з “Зялёнбуда” і запэўнілі, што дамову можна было б заключыць сёння раніцай, за некалькі гадзін да пікета. “Але што мне да падпісанай раніцай дамовы, калі па законе ўсё трэба падпісаць яшчэ за два дні да пікета?..” — кажа ён.

Падчас жартаўлівага пікета праваабаронцаў у сталічным Парку дружбы народаў каля плошчы Бангалор, 6 сакавіка 2019 / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

“Наўрад ці гэта быў нейкі загад зверху”

Дык што гэта ўсё-такі было — някемлівыя чыноўнікі ці загад, каб перашкодзіць правядзенню пікета? Сам студэнт лічыць, што праблема ў стаўленні дзяржслужачых да сваёй працы:

“Наўрад ці гэта быў нейкі загад зверху. Калі б так, то наўрад ці мне б стараліся дапамагчы ў тым жа выканкаме. Да таго ж сёння я пад’ехаў у “Зялёнбуд” і заключыў дамовы на будучыя пікеты, якія будуць праходзіць ад 23 жніўня і аж да наступнага чацвярга”.

Колькі за гэта давядзецца заплаціць “Зялёнбуду”, пакуль невядома: уся аплата будзе адбывацца па факце. Вядома толькі пра кошты на ахову міліцыі. За 7 дзён арганізатару трэба будзе заплаціць 535,5 рубля.

“Зялёнбуд”: “Ніякіх праблем няма”

Еўрарадыё датэлефанавалася да намесніцы дырэктара “Зялёнбуда” Цэнтральнага раёна Мінска Алены Навіцкай. Яна кажа, што ніякіх праблем з заключэннем падобных дамоваў няма:

“Галоўнае своечасова звяртацца да нас, каб мы паспелі падрыхтаваць дакументы, — не за дзень да запланаванага мерапрыемства. Праца менавіта з пікетамі для нас новая, але вопыт дамоваў на правядзенне буйных масавых мерапрыемстваў мы маем. І ніколі ніякіх праблем з намі не было. 

Магчыма, проста аднаму чалавеку цяжка паспець і падрыхтаваць усе дакументы ў некалькі ведамстваў на такія мерапрыемствы, таму і атрымалася такая сітуацыя. Але ж у маладога чалавека, які планаваў гэты пікет у Кіеўскім скверы, было шмат дат. І толькі па першай не атрымалася”.

Што датычыцца сувязі з прадпрыемствам, то чыноўніца кажа, што ўсе нумары даступныя: маўляў, той, хто хоча, з лёгкасцю можа патэлефанаваць і датэлефанавацца да неабходных людзей.