Мітынг да Дня Волі ў Брэсце (фота)

25 сакавіка ў Брэсце прайшлі дазволеныя ўладамі мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню Дня Волі. Заяўнікам выступіў кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі. У аргкамітэт правядзення акцыі ўваходзяць таксама мясцовыя структуры БСДП(Г), АГП, Руху "За Свабоду".

Каля 12.00 людзі пачалі збірацца на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Касманаўтаў. Прыкладна ў 12.30 калона ў колькасці каля 500 чалавек рушыла па Машэрава і Савецкай да плошчы Свабоды. Яны трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і транспаранты.

На плошчы Свабоды, дзе і адбыўся мітынг, удзельнікаў мерапрыемства значна паменела — засталося каля 250 чалавек.   

На мерапрыемстве выступалі кіраўнікі абласных структур партый БНФ, БСДП, АГП. Праз гукаўзмацняльную апаратуру яны віншавалі прысутных з 99-годдзем утварэння БНР, а таксама зачыталі рэзалюцыю з патрабаваннем аб поўнай адмене Дэкрэта № 3. Мітынг скончыўся ў 14.05 — амаль за гадзіну да заяўленнага часу. 

На мерапрыемстве былі заўважыныя былыя кандыдаты ў прэзідэнты — Аляксандр Мілінкевіч і Таццяна Караткевіч. Аднак да мікрафона яны не падыходзілі.