Вы тут

Мінюст пачаў пазапланавую праверку "Экадому"

Кіраўніца "Экадому" Ірына Сухій на адной з жаночых акцый пратэсту ў жніўні 2020 года / Еўрарадыё

Міністэрства юстыцыі пачало пазапланавую праверку адпаведнасці дзеяння грамадскага аб'яднання "Экадом" патрабаванням заканадаўства, піша @nuclearbelarus.

Сёлета "Экадому" споўнілася 25 гадоў, гэта найстарэйшага грамадская арганізацыя экалагічнай накіраванасці ў Беларусі.

Праект вырас з арганізацыі Next Stop — New Life, якая працавала з дзецьмі Чарнобыля. Некаторыя яе сябры і стварылі "Экадом". Арганізацыя заўсёды імкнулася аб'яднасць беларускіх зялёных, але патрапіла ў няміласць да ўладаў з-за барацьбы супраць будаўніцтва і дзейнасці АЭС у Беларусі яшчэ ў 2006 годзе.

"Экадом" шмат разоў абараняў навакольнае асяроддзе і дапамагаў людзям вырашыць экалагічныя праблемы.

6 верасня 2020 года нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве была затрыманая кіраўніца "Экадому" эколаг Ірына Сухій.

— Так, я знаходзілася на гэтым мерапрыемстве з плакатам "#ябатька гэтую АЭС разам з ябатькой!". Я супраць запуску АЭС і выказвала такім чынам сваю грамадзянскую пазіцыю. Фота з мірнай акцыі апублікавала на сваёй стронцы ў фэйсбуку, хаваць свой удзел не збіралася", заявіла на судзе эколаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.