Мінспорту пра павышэнне заробкаў: Гаворка вядзецца пра эліту беларускага спорту

Мінспорту пра павышэнне заробкаў: Гаворка вядзецца пра эліту беларускага спорту

У бліжэйшы час беларускія топавыя спартсмены і трэнеры нацыянальных каманд атрымаюць новыя, вялікія ў параўнанні з цяперашнімі, заробкі. Згодна з пастановай Саўміна №42, чакаецца павышэнне тарыфнай стаўкі з 85 да 300 адсоткаў! Па словах кіраўніка прэс-службы Мінспорту Уладзіміра Несцяровіча, сёння сярэдні заробак у нашых топавых спартсменаў 400-450 рублёў.


"Але ў эліты мусіць быць і элітарны заробак, — разважае Уладзімір Несцяровіч. — Механізм налічэння грошай практычна адпрацаваны. У тлумачэнні напісана, што ў сярэднім тарыфная стаўка павялічыцца на 300 адсоткаў. То бок, у некага — на 250, у некага — на 400. Тут будзе прывязка перадусім да прыярытэтных відаў спорту. Акурат для іх будзе больш бонусаў, яны будуць у большай ступені матэрыяльна заахвочаныя". 

Прыярытэтнымі лічацца 22 віды спорту. Баскетбол, біятлон, футбол, тэніс, гандбол, лёгкая атлетыка, плаванне, дзюдо, фрыстайл, скачкі на батуце, кулявая стральба і іншыя. Спартсменаў-пераможцаў алімпіяд і чэмпіянатаў свету і Еўропы, якія атрымаюць новыя заробкі, у краіне каля 800 чалавек.

Мінспорту пра павышэнне заробкаў: Гаворка вядзецца пра эліту беларускага спорту

"Мы не ў курсе павышэння заробкаў. Я працую на палову стаўкі і атрымліваю каля 220 рублёў. Гэта такі мізер. У той жа час, нашы калегі за мяжой зарабляюць нашмат больш. Але ў нас настолькі ўсё ўнікальна, і праца спецыялістаў у сферы адукацыі, трэнераў і любых іншых педагогаў, не цэніцца. Таму, натуральна, я чакаю лютага. На 300 адсоткаў...  Для мяне гэта проста са свету фантастыкі, бо дагэтуль мы былі ў нейкім небыцці", — кажа Наталля Петракова, старшая трэнерка жаночай нацыянальнай зборнай па гандболе.

Тайскі бокс прыярэтэтным відам спорту ў нашай краіне не з’яўляецца — гэта ж не хакей! Таму невядома, наколькі вырасце заробак чэмпіёна свету па муай-тай Віталя Гуркова. Цяпер ён атрымлівае 450-470 рублёў. Гэтых грошай, прызнаецца Віталь, звычайна хапае на аплату камунальных паслуг і мабільнай сувязі.

Мінспорту пра павышэнне заробкаў: Гаворка вядзецца пра эліту беларускага спорту

"Нам патрэбнае і спартовае харчаванне, і экіпіроўка, і шмат розных рэчаў, якія павінны прысутнічаць. На такі голы аклад немагчыма рыхтавацца да нармальных стартаў, калі няма спонсарскай падтрымкі. Калі ты на зборах у Стайках, гэта нармальна, але калі ты жывеш дома, табе трэба перасоўвацца па горадзе і вырашаць бытавыя справы — гэтыя 450 рублёў надвор'я не зробяць", — распавядае Віталь.

 
У бухгалтэрыі Федэрацыі настольнага тэніса не выключаюць, што большыя заробкі спартоўцы атрымаюць ужо за другую палову студзеня:


"Канкрэтныя памеры кожнаму ўдзельніку нацкаманды будуць даведзеныя міністэрствам спорту. Дакладныя лічбы мы пакуль не атрымалі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі