Мінскую кніжную выставу-кірмаш наведала каля 55 тысяч гасцей

Каля 55 тысяч гасцей наведалі XXIV Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш, якая працавала з 8 па 12 лютага, паведаміў першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі на цырымоніі закрыцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 320 удзельнікаў, з якіх 105 — замежныя госці, прадставілі свае найлепшыя ўзоры кнігавыдання.

У працы XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу прынялі ўдзел прадстаўнікі 31 краіны. Ганаровым госцем выставы стала Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. Дарэчы, ужо вядома, што налета ў ролі ганаровага госця выступіць Сербія.

Як адзначыў Ігар Луцкі, падчас выставы прайшло каля 300 мерапрыемстваў. Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш праходзіла ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14.